У ЗША адкрылі помнікі ў гонар Касцюшкі і Каліноўскага
Імпрэзу зладзіла беларуская дыяспара ЗША.
26 сакавіка каля будынка Святога Кірылы Тураўскага на 401 Атлантык Авэню ў Брукліне адбылася ўрачыстая імпрэза-адкрыццё бюстаў вялікіх беларускіх змагароў: Нацыянальнага Героя Беларусі, ЗША і Польшчы – Андрэя Тадэвуша Банавэнтуры Касцюшкі і Нацыянальнага Героя Беларусі - Кастуся (Вінцэнта, Канстанціна) Каліноўскага.
Народжаны на тэрыторыі сучаснай Беларусі, Андрэй Тадэвуш Банавэнтура Касцюшка браў актыўны ўдзел у вайне за незалежнасць ЗША (1775-1783). Па вяртанні на Радзіму ўзначаліў вызвольнае паўстанне народаў Рэчы Паспалітай супраць акупацыі іх родных зямель імперскай Расіяй (1794). Кастусь Каліноўскі працягнуў справу Касцюшкі і ўзначаліў вызвольнае паўстанне супраць імперскай Расіі 1863-1864 гадоў.
Праект устаноўкі бюстаў быў рэалізаваны дзеля падтрымкі змагання беларускага народа супраць антынароднага тэрарыстычнага прамаскоўскага рэжыму ў Беларусі. Героі змагаліся за незалежнасць Беларусі, Амерыкі, а таксама Польшчы і Літвы, з якімі Беларусь мела супольную гісторыю. Іх асобы і сёння аб’ядноўваюць народы гэтых краінаў у супрацьстаянні прамаскоўскаму рэжыму Лукашэнкі і агрэсіўнай палітыцы Расіі.
Бюсты былі адлітыя ва Украіне паводле праекта беларускага скульптара Геніка Лойкі.