Экс-чыноўнік Мінгарвыканкама пра НЗ на Нямізе: «Гэты мост не ўваходзіў у топ праблемных»
Адзін з былых кіраўнікоў Мінгарвыканкама, якія адказваюць за абслугоўванне мастоў, патлумачыў магчымыя прычыны абвалу.
Чаму адбылося абвальванне часткі пуцеправода на Нямізе і
якія працэсы паўплывалі на гэта, «Мінск-Навінам» расказаў адзін з былых
кіраўнікоў Мінгарвыканкама, якія адказваюць за рамонт і абслугоўванне мастоў.
— У моста на Нямізе старая канструкцыя. Тратуар там выкананы
маналітна, а метро — немалаважны фактар, які таксама трэба ўлічваць.
Атрымліваецца, што за кошт вібрацый шчыліны адкрываюцца. Цяпер якраз надвор'е
з пераходамі праз нуль — вада туды трапіла, адмарозіла і адарвала бэльку.
Альбо вада туды зацякала паточна, калі была нейкая
расколіна, бо там унутры ёсць пустэчы. Менавіта вада магла стварыць залімітавую
вагу, — паведаміў суразмоўца.
Па яго словах, усе прычыны пакажа абследаванне.
— Але гэты мост не ўваходзіў у топ кепскіх. Адламаўся толькі тратуар, бо па старой тэхналогіі яго «прыманалічвалі» збоку, хоць па ім ездзілі часам і машыны, напрыклад, вышкі «Мінгарсвятла». Тратуар на такое не разлічаны, — растлумачыў суразмоўца.
Ён упэўнены, што разбіраць мост трэба будзе цалкам, гэта
адназначна.
— І плюс трэба разумець: з-за транспарту, які праязджае
пасярэдзіне моста, усё роўна больш за ўсё церпіць крайняя бэлька. Ёй няма з
кім падзяліцца нагрузкай, яна нясе яе адна. Усе астатнія размяркоўваюць яе
больш-менш раўнамерна. Крайнія бэлькі ляжаць пад ухілам, а ціск на іх
адбываецца зверху ўніз елкай. Таму менавіта крайняя бэлька заўсёды больш
разбураецца, — пракаментаваў суразмоўца.
Ён растлумачыў, што для бетону мінусавое надвор'е нашмат
карыснейшае, чым плюсавое. Але негатыўным фактарам сталі менавіта пераходы
тэмпературы праз нуль. Адмоўна адбіваецца на стане дарожнага пакрыцця і
пясчана-саляная сумесь.
Паводле «Нашай Нівы».