У Мінску на Нямізе абвалілася частка пешаходнага моста
Ноччу абрынулася пешаходная частка моста праз вуліцу Няміга ў Мінску. Рух транспарту цалкам перакрыты.
Здарэнне адбылося глыбокай ноччу. Ратавальнікі МНС прыехалі на месца разбіраць завалы. Яны паведамляюць, што пацярпелых няма. Прычыны і абставіны здарэння высвятляюцца.
«Папярэдняя версія абрынання пешаходнай часткі моста праз вуліцу Няміга ў Мінску — стомленасць канструкцый (у сувязі з працай метро і падвышанай нагрузкай з прычыны скокаў тэмпэратур). Усе канструкцыі пуцеправода правераць максімальна аператыўна і старанна. Высвятляецца, хто і калі праводзіў экспертызу зносу канструкцый і даваў заключэнне аб іх прыдатнасці да эксплуатацыі», — заявіў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандар Дараховіч.
Прэс-служба сталічнай ДАІ папярэджвае, што ў сувязі з абвальваннем моста закрыты рух усіх відаў транспарту, у тым ліку і грамадскага, на наступных участках дарог:
- па вуліцы Няміга ад вуліцы Гарадскі Вал да вуліцы Янкі Купалы;- па вуліцы Леніна ад праспекта Незалежнасці да вуліцы Мельнікайтэ.
Удзельнікаў дарожнага руху просяць улічваць гэтую інфармацыю пры выбары маршруту, быць уважлівымі і прытрымлівацца правілаў дарожнага руху.
«Мінсктранс» паведаміў пра змяненне шэрагу маршрутаў гарадскога транспарту.
Апошні раз капітальны рамонт пуцеправода праводзілі ў 2017 годзе. Кошт яго тады склаў каля 3 мільёнаў рублёў.