Еўрасаюз: «Вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасці»
ЕС падтрымае Міжнародную платформу для Беларусі дзеля прыцягнення вінаватых да адказнасці. ЕС і міжнародныя партнёры ўзначальваюць
барацьбу з беспакаранасцю беларускіх улад.
Еўрасаюз плануе падтрымаць Міжнародную платформу для Беларусі палітычна і фінансава, паведамляе «Белсат».
Вярхоўны прадстаўнік ЕС па пытаннях замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі Жазэп Барэль заявіў:
«Пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў сем месяцаў таму ўлады Беларусі здзейснілі непрымальныя парушэнні правоў чалавека ў дачыненні беларускага народа. На масавую мірную мабілізацыю беларускага грамадства, якое выступае за дэмакратыю і свае асноўныя свабоды, улады адказалі жорсткімі рэпрэсіямі, незаконнымі арыштамі і затрыманнямі, сотнямі задакументаваных выпадкаў катаванняў ды іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжальных годнасць відаў абыходжання і пакарання, уключаючы сексуальны і гендарны гвалт».
Барэль назваў затрыманні ўдзельнікаў пратэстаў 25 сакавіка несправакаванымі ды незаконнымі і падкрэсліў, што гэтыя дзеянні — маштабныя дзяржаўныя рэпрэсіі, якія не змяншаюцца.
«Вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасці», — адзначыў палітык.
Паводле Барэля, ЕС і міжнародныя партнёры ўзначальваюць барацьбу з беспакаранасцю.
Акрамя падтрымання працы міжнароднай платформы, на гэтым тыдні Рада ААН у справе правоў чалавека ўхваліла прапанаваную ЕС рэзалюцыю адносна сітуацыі ў Беларусі. Гэты дакумент дае мандат вярхоўнаму камісару ААН у справе правоў чалавека для збору інфармацыі пра парушэнні ў Беларусі.
Барэль падкрэсліў, што ў сваёй працы вярхоўны камісар ААН будзе карыстацца дакументацыяй, сабранай міжнароднай платформай.