Фатограф будзе судзіцца з Белтэлерадыёкампаніяй з-за парушэння аўтарскага права
Фатограф Антон Матолька збіраецца падаваць у суд на Белтэлерадыёкампанію за крадзёж сваіх фотаздымкаў.
У сакавіку Матолька пабачыў свае здымкі паўночнага ззяння ў Беларусі ў навінах на канале «Беларусь-1». Аўтарства фатографа не было пазначанае, а самі фота былі ўзятыя без дазволу.
З Белтэлерадыёкампаніі за подпісам старшыні Генадзя Давыдзькі прыйшоў адказ на запыт фатографа. У лісце гаворыцца, што супрацоўнікі тэлеканала ўзялі фота ў адкрытым доступе з інтэрнэту, аўтарскае права на іх быццам бы не распаўсюджваецца.
"Выдатна! Не ведаю як вы, а мы менавіта такога адказу і чакалі з адвакатам. Нават нягледзячы на тое, што сумы ў лісце-прэтэнзіі мы паставілі не завышаныя, а цалкам рэальныя. Ну што ж, хай будзе суд." — піша Антон Матолька ў сваім блогу.
Фатограф патрабуе аб Белтэлерадыёкампаніі выплаціць 10 млн за маральную шкоду праз парушэнне немаёмасных правоў (на аўтарства і імя) і 5,4 млн за парушэнне маёмасных правоў на тры здымкі, а таксама публічна прынесці прабачэнні.
На наступным тыдні Матолька збіраецца сустрэцца з адвакатам ды збіраць матэрыялы для суду.
Фота дакумента з блога Антона Матолькі
Фота Данііла Анохіна