«Front Line Defenders» выступіў у абарону беларускай праваабаронцы Эніры Браніцкай
Міжнародны фонд падтрымкі праваабаронцаў «Front Line Defenders» выступіў з заявай у абарону беларускай праваабаронцы Эніры Браніцкай, якая знаходзіцца ў статусе сведкі па крымінальнай справе аб «масавых беспарадках».
6 красавіка 2021 года супрацоўнікі праваахоўных органаў правялі ператрус у доме праваабаронцы Эніры Браніцкай у Мінску ў рамках расследавання крымінальнай справы аб «масавых беспарадках». На наступны дзень праваабаронцу выклікалі на допыт у Следчы камітэт. У цяперашні час Эніра Браніцкая знаходзіцца ў статусе сведкі і пад падпіскай аб неразгалошванні, піша spring96.org.
Эніра Браніцкая — праваабаронца, чалец праваабарончай арганізацыі «Human Constanta», дзейнасць якой накіраваная на абарону правоў замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, а таксама прасоўванне антыдыскрымінацыі і лічбавых правоў і свабод. Эніра Браніцкая таксама з’яўляецца членам назіральнага савета Офіса па правах людзей з інваліднасцю і кансультантам Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ АБСЕ).
6 красавіка 2021 года супрацоўнікі праваахоўных органаў правялі ператрус у доме праваабаронцы Эніры Браніцкай у рамках расследавання крымінальнай справы па абвінавачанні ў «масавых беспарадках» (арт. 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі). Супрацоўнікі міліцыі прад’явілі ордэр на ператрус і паведамілі праваабаронцы, што ператрус праводзіцца ў рамках расследавання працы Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі, да правядзення ператрусу аб гэтым расследаванні ёй не было вядома. Падчас ператрусу ў кватэры знаходзіліся Эніра Браніцкая і двое яе дзяцей. Супрацоўнікі міліцыі падчас ператрусу канфіскавалі грошы, яе ноўтбук і іншыя працоўныя прылады, а таксама электронныя прылады яе дзяцей. Ператрус адбываўся без прысутнасці адваката, бо ў Эніры Браніцкай канфіскавалі тэлефон, з прычыны чаго яна не змагла паведаміць пра ператрус свайму адвакату.
7 красавіка 2021 года Эніру Браніцкую выклікалі ва Упраўленне Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па г. Мінску для допыту ў якасці сведкі. У цяперашні час Эніра Браніцкая знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні.
«Front Line Defenders» глыбока занепакоеная уцягваннем праваабаронцы Эніры Браніцкай ў крымінальнае расследаванне і ператрусам яе дома, бо лічыць, што дадзеныя дзеянні ў дачыненні да яе выкліканыя выключна яе працай па абароне і прасоўванні правоў чалавека ў Беларусі. З моманту абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года значна ўзрасла колькасць выпадкаў судовага пераследу і рэпрэсій у дачыненні да праваабаронцаў і журналістаў з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў Беларусі. «Front Line Defenders» выказвае занепакоенасць тым, што гэтыя дзеянні могуць аказаць стрымліваючы эфект на прасоўванне і абарону правоў чалавека ў Беларусі, а таксама могуць неспрыяльна ўздзейнічаць на стварэнне бяспечнага і спрыяльнага асяроддзя, у якім праваабаронцы могуць выконваць сваю працу.
Арганізацыя «Front Line Defenders» заклікае ўлады Беларусі:
- Неадкладна закрыць расследаванне ў дачыненні да Эніры Браніцкай, паколькі яно выклікана выключна яе законнай і мірнай праваабарончай дзейнасцю;
- Прыняць усе неабходныя меры для забеспячэння фізічнай і псіхалагічнай бяспекі і недатыкальнасці Эніры Браніцкай;
- Неадкладна вярнуць усю маёмасць, канфіскаваную падчас ператрусу ў доме ў Эніры Браніцкай;
- Спыніць практыку судовага пераследу праваабаронцаў, якія аказваюць дапамогу, адукацыйную і інфармацыйную падтрымку прадстаўнікам уразлівых груп у Беларусі;
- Гарантаваць, што ўсе праваабаронцы ў Беларусі маюць магчымасць ажыццяўляць сваю законную праваабарончую дзейнасць у любых абставінах без абмежаванняў і без страху помсты, у тым ліку без рызыкі судовага пераследу.