Пракуратура вынесла папярэджанне гродзенскаму журналісту Анджэю Пісальніку
Пракуратура Гродна вынесла афіцыйнае папярэджанне актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў, журналісту Анджэю Пісальніку аб недапушчальнасці парушэння закону.
Паведамляецца, што ў пачатку красавіка Анджэй Пісальнік у эфіры польскіх радыёстанцый «Radio 24» І «Radio 4» выказаў шэраг меркаванняў, піша «Наша Ніва».
«Мэта выказванняў — узбудзіць у насельніцтва нацыянальную варожасць і варожасць на моўнай глебе, сфармаваць непрыязнасць і недавер да прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады, распаўсюдзіць ілжывую інфармацыю аб іх дзейнасці», — гаворыцца ў паведамленні.
«Так, Анджэй Пісальнік заявіў, што ў беларускіх СМІ распачатая шырокамаштабная прапаганда супраць Польшчы. І робіцца гэта для таго, каб “стварыць вобраз палякаў як людзей другой катэгорыі”. Маўляў, беларуская прапаганда хоча ачарніць палякаў у вачах грамадства і зрабіць іх ворагамі народа, “як было ў сталінскія часы”. На думку актывіста, збор праваахоўнымі органамі звестак пра вучняў, якія праходзяць навучанне ў грамадскіх школах, — гэта форма застрашвання настаўнікаў і вучняў, а таксама намер улад да дыскрэдытацыі і далейшай адмовы насельніцтва Беларусі ад навучання польскай мове, гісторыі і польскасці ў цэлым. Дадзеныя выказванні ў сродках масавай інфармацыі заведама беспадстаўныя і відавочна накіраваныя на распальванне міжнацыянальнай варожасці», — падкрэслілі ў пракуратуры.
Анджэй Пісальнік — сакратар Галоўнай управы Саюза палякаў у Беларусі, рэдактар сайта znadniemna.pl. У 2017 годзе ён быў абраны старшынёй Федэрацыі польскіх медыя на Усходзе. Гэтая Федэрацыя аб'ядноўвае медыя, што працуюць на польскай мове ў Беларусі, Літве, Латвіі і ва Украіне.