Галоўны трэнер мінскага "Дынама": Нягледзячы на няўдачу, працягнем барацьбу за выхад з групы

"Як мы і чакалі, матч выдаўся цяжкі. На жаль, у першым тайме не рэалізавалі выдатны момант. Трэба выкарыстоўваць такія шансы, тады ўсё магло пайсці інакш", — заявіў галоўны трэнер мінскага "Дынама" Вук Рашавіч у Барысаве на прэс-канферэнцыі пасля завяршэння матчу 2-га тура групавога раўнда Лігі Еўропы супраць аўстрыйскага "Рапіда" (0:1).  



10439719_518850278237759_1861747811_n.jpg

"Сапернік больш кантраляваў мяч, аднак яўных пагроз у яго не было. Аднак як толькі ў другім тайме мы дапусцілі тактычную памылку, адразу было пакаранне. А калі каманда ўзроўню "Рапіда" вядзе ў ліку, яна свайго, як правіла, не выпускае. Зрэшты, у нас быў шанс выратаваць матч, але Удожы трапіў у штангу", — сказаў Рашавіч. 
 

Адказваючы на пытанне, як ён ацэньвае шансы на выхад з групы, Рашавіч адзначыў: "У такіх турнірах трэба па максімуме выкарыстоўваць дамашнія матчы. Але нягледзячы на няўдачу, працягваем барацьбу. Наперадзе яшчэ чатыры гульні. Будзем змагацца ў кожнай. Гэта добры шанс для гульцоў, асабліва для маладых, паказаць сябе. Трэба ўсяго сябе аддаваць на полі, тады поспех прыйдзе". 
 

Галоўны трэнер "Рапіда" Зоран Барышыч так падвёў вынік матчу ў Барысаве: "Дынама" нядрэнна дзейнічала ад абароны, стварала моманты, але 90 хвілін паказалі, якая каманда насамрэч мацнейшая. Мы набралі шэсць ачкоў у дзвюх гульнях — выдатны вынік, але расслабляцца рана. Наперадзе новы выклік — матч з "Вікторыяй", паспрабуем нарошчваць наш націск у групе". 

Паводле: БелаПАН