Яшчэ адзін былі палітвязень ваюе ў АТА

27-гадовы Аляксандр Малчанаў днямі паведаміў у фэйсбуку, што з’ехаў ва Украіну.



5862bdb65184e0a0bbab41861d436ce3.jpg

Яшчэ адзін былі палітвязень ваюе ў АТА

«Адправіцца за краты толькі за тое, што злёгку дапамагаў украінцам ў барацьбе за тэрытарыяльную цэласнасць сваёй краіны ў мяне жадання няма — я дастаткова часу правёў у беларускіх турмах, зарабіў там кучу болек», — напісаў Аляксандр.

"Наша Ніва" патэлефанавала хлопцу ў Кіеў, каб ён апавёў пра сваё знаходжанне ў зоне АТА. «Я з’ехаў на фронт восенню мінулага года. Паехаў бы раней, калі адбылася акупацыя Крыма, але быў у Беларусі пад прэвентыўным надглядам. Пасля яшчэ крыху паправіў здароўе ў санаторыі».

«Мне ніколі не была абыякавай Украіна, — кажа Аляксандр. — Падабаюцца мясцовыя людзі, прырода, мне тут камфортна. Калі Расія напала на Украіну, то я не мог спакойна глядзець на гэта. Калі нешта падобнае, не дай Бог, здарыцца ў Беларусі, то я буду першым таксама бараніць нашу краіну».

Аляксандр не служыў у войску, таму шчыра прызнаецца, што час у вучэбцы аднаго з батальёнаў быў не самым простым. «Найперш фізічныя практыкаванні, ніякага ідэалагічнага маразму не было. На фронце прасцей. Па спецыяльнасці я стралок».

На дадзены момант Малчанаў знаходзіцца ў Кіеве, у зону АТА ён плануе вярнуцца праз два тыдні. Пакуль хлопец не раскрывае батальён, у якім ён служыць, а таксама вайсковыя аперацыі, у якіх прымаў удзел. «Праз пару тыдняў усё агучу», — кажа ён.

Аляксандр Малчанаў родам з Барысава, як і славутая снайперка Наталля Красоўская, што ваявала на баку баевікоў. «Не, я з ёй не сутыкаўся. Ні ў Барысаве, ні ў АТА. Забаўна было б яе тут сустрэць… У Барысаве ёсць далёкія знаёмыя, якія кажуць, што яна наркаманка».

Не так даўно Аляксандру атрымалася купіць кватэру ў Кіеве, у доме, які будуецца. «Грошай хапіла толькі на саму кватэру, дзе буду браць на тое, каб яе абсталяваць, зрабіць аддзелачныя працы, пакуль не ведаю».

У Беларусь вяртацца Аляксандр пакуль не плануе. «КДБшнікі цікавіліся ў маіх знаёмых, сяброў, ці праўда, што я ў зоне АТА, хацелі прышыць мне «наёмніцтва», але доказаў не хапае». Апошні раз у Беларусі ён быў у маі.

Аляксандр Малчанаў быў тым, хто 19 снежня 2010 года сарваў чырвона-зялёны сцяг з будынка КДБ і ўсталяваў бел-чырвона-белы. Пазней ён быў асуджаны да трох гадоў зняволення, вызвалены ў верасні 2011 рашэннем Аляксандра Лукашэнкі.

Вядома, што на баку Украіны ваююць яшчэ два былых беларускіх палітвязні  — Васіль Парфянкоў і Эдуард Лобаў.

Паводле: Белорусский партизан