Як расійскія СМІ ўплываюць на свядомасць беларусаў?

1 кастрычніка Беларуская аналітычная майстэрня прадставіла ў Варшаве вынікі даследавання ўплыву расійскіх СМІ на грамадства постсавецкіх краін. Апытанні паказваюць высокі ўзровень даверу гледачоў да расійскіх каналаў, прадукт якіх успрымаецца як прывабны і аб'ектыўны. Далучэнне Крыма да Расіі падтрымала каля 60% беларусаў, на такім жа ўзроўні знаходзіцца рэйтынг даверу да расійскіх СМІ, аднак даследчыкі не выявілі прамой сувязі паміж гэтымі дзвюма катэгорыямі. Падчас прэзентацыі аналітыкі майстэрні таксама распавялі пра асноўныя міфы, якія транслююць расійскія каналы, і абмеркавалі спецыфіку эканамічнай сітуацыі ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. 



logo_1_belarus_in_focus_0003_0001.jpg

“Калі раней СМІ ў дыктатарскіх краінах былі толькі інструментам прамывання мазгоў грамадства, то цяпер яны сталі непасрэдным акторам баявых дзеянняў і рэальнай рухаючай сілай для паводзінаў людзей”, — адзначыў кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэй Вардамацкі. Тым не менш, не варта дэманізаваць СМІ, бо падчас прыняцця рашэння на чалавека ўздейнічаюць яшчэ і іншыя фактары  — перадусім сістэма каштоўнасцяў.

Рэйтынг уздзеяння расійскіх СМІ на грамадскую думку вылічваўся, абапіраючыся на 5 пытаннях, якія задаваліся людзям у розных краінах. Рэспандэнтаў спыталі, як яны ставяцца да падзей на Еўрамайдане, да далучэння Расіяй Крыму, да ЗША, да Антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе Украіны, а таксама ці давяраюць рэспандэнты расійскім СМІ. На падставае атрыманых адказаў быў вылічаны рэйтынг уздзеяння расійскіх СМІ. Калі 100 пунктаў у рэтйнгу азначае поўную падтрымку расійскага пункту гледжання, то ў выпадку беларускага грамадства рэйтынг склаў 60,5 пунктаў, у Расіі — 78, а ва Украіне  — 25,5.

Вынікі адказаў на паасобныя пытанні выглядаюць такім чынам, што меркаванні  большасці расійскіх рэспандэнтаў дыяметральна адрозніваюцца ад большасці ўкраінцаў, а беларускія адказы знаходзяцца прыкладна пасярэдзіне. Так, Еўрамайдан лічаць пратэстам у падтрымку еўрапейскага шляху развіцця 10,4% расіян, 25,8% беларусаў і 58,9% украінцаў. Для 82,7% расійскіх рэспандэнтаў гэта была барацьба супраць улады нацыяналістычных сіл, якія падтрымліваў Захад. З такім пунктам погляду пагаджаюцца 55,3% беларусаў і 22,2% украінцаў.

Далучэнне Крыма да Расіі «станоўча» і «хутчэй станоўча» ахарактарызавалі 84% расіян, 70,3% беларусаў і 10,5% украінцаў. ЗША ў апытанні пазітыўна ацанілі 12,3% расійскіх рэспандэнтаў, 36,9% беларускіх і 58,5% украінскіх. Калі ж параўнаць Беларусь і Украіну, то расійскім СМІ давяраюць 48% апытаных беларусаў і 8,9% украінцаў. Не давяраюць 37,2% беларускіх і 80,4% украінскіх рэспандэнтаў.

Сакрэт поспеху расійсіх СМІ сярод гледачоў у іншых постсавецкіх краінах тлумачаць вынікі сацыялагічных даследаванняў у фокус-групах. Расійскія каналы паказваюць прывабную “карцінку”, якая выклікае пэўныя пачуцці, прафесійныя карэспандэнты паўстаюць у вобразе герояў, якія рызыкуючы сабой, атрымліваюць унікальную інфармацыю, каб перадаць яе гледачу. Інфармацыя ў расійскіх СМІ прадстаўляецца як меркаванне ўсяго расійскага народа, якое выяўляе агульны кансэнсус людзей і ўлады. Істотным фактарам з'яўляецца і фінансаванне. Нягледзячы на фінансавы крызіс у Расіі, дзяржава не эканоміць на СМІ і гэтыя грошы эфектыўна імі выкарыстоўваюцца, ствараючы ўражанне якаснага і аб'ектыўнага медыяпрадукту.

Абмежаванні, праз якія нацыянальныя СМІ прайграюць у параўнанні з расійскімі, гэта і засяроджанасць на лакальных праблемах, і ігнараванне міжнародных падзей, і выкарыстанне “другасных” матэрыялаў (ад тых жа расійскіх СМІ).

“Постсавецкаму гледачу складана пераварыць некалькі дыяметральна адрозных ад сябе пунктаў гледжання, таму назіраецца пэўная стомленасць ад разнастайнасці ў СМІ. У той жа час расійскія медыя прапануюць лѐгкую для ўспрыняцця карцінку, якая падаецца аб'ектыўнай, а насамрэч з'яўляецца пасткай”,— адзначыў Андрэй Вардамацкі.

Міфы, якія выкарыстоўваюць расійскія СМІ, каб дамінаваць у свядомаці гледачоў, прадставіў падчас прэзентацыі аналітык майстэрні Андрэй Фѐдараў. Ён адзначыў, што ў Расіі назіраецца самая маштабная інфармацыйная вайна за апошнія 15 гадоў. Падобныя прыѐмы, якія выклікаюць інтэнсіўныя эмоцыі, патрэбныя, каб націснуць на балючыя кропкі і стварыць больш выразны вобраз ворага.

Медыя выкарыстоўваюць міф «злачыннага Майдана», які спачатку прадстаўляўся як месца збору алкаголікаў, а потым перарос у супрацьстаянне ўладзе фашыстаў, якія хочуць знішчыць усіх рускіх. Чарговы міф — Крым, які спачатку прадстаўляся як пагроза, дзе можа паўстаць база НАТО, а потым як адзінка, якая сама захацела і сама далучылася да Расіі, без дапамогі расійсіх вайскоўцаў. Падобным чынам справа выглядала і з усходнімі абласцямі, якія нібыта без замежнай ваеннай дапамогі змагаюцца супраць новых украінскіх уладаў. Варта адзначыць таксама міф збітага Боінга і «распятага 3-гадовага хлопчыка». Захад у расійскіх СМІ звычайна паказваецца як «гнілы і выміраючы», у той жа час ѐн нібыта ўвесь час уяўляе пагрозу расійскай бяспецы.

Апошнім часам можна заўважыць змену тактыкі ў расійскіх СМІ, якія сталі рабіць менш рэпартажаў пра ваенныя дзеянні, а больш пра крызіс і сацыяльныя праблемы ва Украіне. Такі прыѐм мае знізіць патэнцыйныя пратэстныя настроі і паўплываць на свядомасць гледачоў, каб яны думалі, што ў параўнанні з украінцамі ім жывецца значна лепш, а вакол няма вайны і беспарадкаў. Такая стратэгія расійскага афіцыйнага боку выгадная таксама і беларускім уладам. Паколькі беларуская

інфармацыйная прастора акупаваная расійскімі каналамі, крамлѐўская прапаганда моцна ўплывае і на беларускую аўдыторыю. Тая, у сваю чаргу, згодна з прынцыпам «абы не было вайны» пераймае расійскі пункт гледжання на падзеі ва Украіне.

Падчас прэзентацыі ўвагу на эканамічную сітуацыю ў Беларусі напярэдадні выбараў звярнуў эканаміст Леанід Злотнікаў. Беларускія ўлады не маюць сродкаў, каб спыніць падзенне ўзроўню жыцця народу і гэта адлюстроўваецца ў мэсэджах Аляксандра Лукашэнкі, які не абяцае, што будзе лепей, а кажа, што трэба трываць.

Эксперт адзначыў, што беларуская эканоміка знаходзіцца ў стане глыбокага шоку, а прычынай улады называюць знешнія ўмовы — падзенне цэн на нафту і крызіс у Расіі. У той жа час дадзеныя па тэмпах вытворчасці ў Беларусі даводзяць, што падзенне ў айчыннай эканоміцы распачалося яшчэ ў 2012 годзе. На думку Злотнікава, беларускія прадпрыемствы згубілі сваю канкурэнтаздольнасць і не змогуць яе вярнуць нават калі ў Расіі скончыцца крызіс. Яшчэ большае пагаршэнне сітуацыі эканаміст прадказвае яшчэ сѐлета, пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Пад уплывам усіх гэтых фактараў можна адзначыць новую тэндэнцыю. “У цяперашняй неспакойнай геапалітычнай абстаноўцы знікае сувязь паміж узроўнем жыцця людзей і рэйтынгам улады. Гэты рэйтынг цяпер залежыць ад пачуцця бяспекі ў сувязі з тым, як паказваюцца падзеі ва Украіне. Такім чынам падзеі ў іншай краіне праз прызму СМІ вызначаюць рэйтынг беларускіх уладаў”, — заўважыў дырэктар майстэрні Андрэй Вардамацкі.

Беларуская аналітычная майстэрня гэта інтэрдысцыплінарная арганізацыя, якая аб'ядноўвае экспертаў з розных краін і займаецца правядзеннем уласных сацыялагічных даследаванняў. Майстэрня выдае аналітычныя бюлетэні раз на 2 месяцы і праводзіць прэзентацыі вынікаў сваѐй працы. Прэзентацыя, прысвечаная ўздзеянню расійскіх СМІ на грамадства постсавецкіх краін, адбылася 1 кастрычніка ў Варшаве ў межах сѐлетняй канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні.

Па ўсіх пытаннях звяртайцеся калі ласка да:

Андрэя Вардамацкага +48 531 280 250

Александры Бэнс +48 730 955 643