Галоўрэду БелаПАН Ірыны Леўшынай аддалі з перадачы на Акрэсціна толькі паўбутэлькі вады і сродкі гігіены
Дырэктара і галоўрэда БелаПАН Ірыну Леўшыну, бухгалтара Кацярыну Боеву і экс-дырэктара Дзмітрыя Наважылава 23 жніўня ў ІЧУ на Акрэсціна наведалі адвакаты. Пра гэта БелаПАН распавялі сваякі затрыманых.
Усе трое бадзёрыя. Леўшына і Боева не цалкам атрымалі
перадачы. Ім аддалі толькі сродкі гігіены, а Леўшынай яшчэ паўбутэлькі вады.
Галоўрэду БелаПАН не выдалі матрац і падушку, у камеры з ёй
была яшчэ адна жанчына. У Наважылава у камеры чатыры чалавекі.
28 жніўня заканчваецца 10 сутак з моманту затрымання
супрацоўнікаў БелаПАН. Да гэтага дня павінны вырашыць: вызваліць іх ці ўжыць
меру стрымання.
Нагадаем, Леўшына, Боева, Наважылаў затрыманыя 18 жніўня пасля ператрусаў дома і ў офісе кампаніі. Іх падазраюць у здзяйсненні злачынства па арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).