Гамяльчанка не прыйшла на суд за экстрэмізм. Яе паручыцеляў пакаралі вялікімі штрафамі

Алену Кравец збіраліся судзіць за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Але на чарговае судовае пасяджэнне жанчына не прыйшла.

_cihi_supraciu__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__8__logo_1.jpg

У Гомельскім абласным судзе 26 кастрычніка разглядалася крымінальная справа Алены Кравец, абвінавачанай у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці па ч.1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Васіль Бягун, паведамляюць праваабаронцы.

На стадыі папярэдняга следства па хадайніцтве знаёмых і сваякоў абвінавачанай была абрана мера стрымання ў выглядзе асабістага паручыцельства. У той жа дзень паручыцелі азнаёміліся пад роспіс з наступствамі, прадугледжанымі ў дачыненні да іх у выпадку невыканання абвінавачанай абавязацельстваў аб яўцы па патрабаванні органаў крымінальнага пераследу і суда.

Па заканчэнні судовага следства і выступлення дзяржаўнага абвінаваўцы ў спрэчках суд абвясціў перапынак. На наступнае пасяджэнне 31 кастрычніка абвінавачваная Кравец не з'явілася, адвакат таксама не ведаў пра прычыны яе адсутнасці.

Тады абвінавачанне запрасіла для Алены пазбаўленне волі тэрмінам на два гады ў калоніі агульнага рэжыму.

Па развіцці падзей пастановай суддзі Гомельскага абласнога суда Алена Кравец была аб'яўлена ў вышук, мера стрымання ёй зменена на заключэнне пад варту.

А па патрабаванні пракуратуры следчы склаў у дачыненні да дваіх паручыцеляў пратаколы і сабраў неабходныя матэрыялы, якія накіраваны ў суд для разгляду.

З улікам пазіцыі пракурора пастановай суда Цэнтральнага раёна Гомеля на 57-гадовую С. накладзена грашовае спагнанне ў памеры 100 базавых велічынь (3,2 тыс. рублёў), а на 66-гадовага Ф. – 120 базавых велічынь (3,84 тыс. рублёў).

Алену Кравец першапачаткова затрымалі 26 ліпеня непасрэдна на працоўным месцы. Тады яе адпусцілі на наступны дзень і прысудзілі штраф па артыкуле 19.11 КаАП («Распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў»). А 4 жніўня Алену зноў затрымалі, ужо ў межах крымінальнай справы.

Мужа Алены Кравец таксама выклікалі ў Следчы камітэт, дзе сцвярджалі, што і ён перасылаў жонцы забароненую інфармацыю. Але нічога падазронага ў яго тэлефоне так і не знайшлі.