Гарадзенец Сяргей Чэрнік перайшоў у французскі «Нансі»
Паміж ФК БАТЭ і "Нансі" 28 чэрвеня быў падпісаны трансферны кантракт, у адпаведнасці з якім брамнік Сяргей Чэрнік стаў паўнапраўным футбалістам клуба элітнага французскага дывізіёна.
Кантракт паміж гарадзенскім брамнікам і "Нансі" падпісаны на тры гады. Сума трансферу склала каля 500 тысяч еўра.
Гарадзенец для "Прессбола" пракаментаваў свой пераход у "Нансі" і выказаў упэўненасць, што БАТЭ справіцца ў Лізе чэмпіёнаў без яго.
— Вельмі рады, што ўсё скончылася. Вялікі дзякуй футбольнаму клубу БАТЭ за тое, што пайшоў насустрач. Вялікі дзякуй майму мэнэджару Мікалаю Шпілеўскаму, які вёў гэтыя перамовы. І вялікі дзякуй "Нансі" за тое, што звярнуў на мяне ўвагу.
— Вы пакідаеце Барысаў напярэдадні старту "жоўта-сініх" у Лізе чэмпіёнаў...
— Вядома, такое рашэнне далося нялёгка, але, думаю, любы футбаліст марыць з'ехаць за мяжу, таму магу толькі ў чарговы раз падзякаваць БАТЭ, які не стаў чыніць перашкод. Упэўнены, у клуба ўсё атрымаецца ў Лізе чэмпіёнаў і без мяне.
Нагадаем, гарадзенскі футбаліст перабраўся ў Барысаў у пачатку 2014-га з "Нёмана". За два з паловай сезоны адыграў за БАТЭ 101 матч (Вышэйшая ліга - 65, Кубак краіны - 11, Суперкубак - 2, Ліга чэмпіёнаў - 23), двойчы станавіўся чэмпіёнам і ўладальнікам Суперкубка Беларусі, аднойчы - пераможцам Кубка. Менавіта з БАТЭ Сяргея Чэрніка пачалі рэгулярна выклікаць у нацыянальную зборную.
Варта адзначыць, што Чэрнік стане ўжо другім гарадзенскім футбалістам, які зайграе ў Францыі. У гэтым годзе ў элiным дывізіёне мог гуляць за "Мец" i выхаванец школы "Белкард" Сяргей Крывец, але футбалicт, правёўшы ў французскай камандзе два гады, вырашыў пакiнуць яе.
Паводле t-styl.info