Герой Беларусі — гэта хто? Сацыёлагі назвалі ТОП-10 выбітных беларусаў і беларусак усіх часоў
Цэнтр новых ідэй і «Народнае апытанне» ў даследаванні беларускай ідэнтычнасці паспрабавалі вызначыць, што, ва ўяўленні беларусаў, з’яўляецца падмуркам беларускай дзяржаўнасці і хто зрабіў найбольш значны ўнёсак на карысць Айчыны. Вынікі ў нечым нечаканыя.
Як адзначаеГенадзь Коршунаў, у інтэрнэт-апытанні бралі ўдзел 4000 чалавек, 2127 з іх цяпер знаходзяцца ў Беларусі; яно праводзілася сярод пераважна пратэснай часткі грамадства ў траўні-чэрвені 2023 года. Яшчэ адной асаблівасцю даследавання было тое, што людзі маглі выбіраць мову для адказаў на пытанні: беларускую ці рускую.
Веды пра мінулае і адчуванне повязі эпох, відавочна, ёсць адным з кутніх камянёў нацыянальнай самасвядомасці. Тое, хто мы ёсць, шмат у чым залежыць ад таго, адкуль мы паходзім.
І тут не з’яўляецца нечаканасцю, што галоўным гістарычным падмуркам беларускай дзяржаўнасці апытаныя ў першую чаргу бачаць раннесярэднявечныя княствы: Полацкае і Турава-Пінскае (48%). На другім месцы — і з пункту гледжання гісторыі, і па колькасці выбараў — Вялікае Княства Літоўскае, Жамойцкае і Рускае (29%), а на трэцім месцы — Беларуская Народная Рэспубліка (9%).
Звяртае на сябе ўвагу, што і БССР, і сучасная Рэспубліка Беларусь на «падмуркі» не цягнуць, у такой якасці іх адзначыла крыху болей за 1%. Таксама паказальна, што ў адказах на пытанне, якія гістарычныя перыяды найбольш паўплывалі на развіццё беларускага народа, і перыяд сучаснай Рэспублікі Беларусь, і савецкі час — далёка не на першых месцах.
Найбольш уплывовымі апытаныя палічылі эпоху ВКЛ (70%), а таксама часы БНР і Рэчы Паспалітай (па 36%). Перыяд існавання Рэспублікі Беларусь апынуўся толькі на 4-м месцы з 24% выбараў.
У даследаванні было і пытанне, якія асобы зрабілі найбольш на карысць Беларусі і беларусаў. Гэта было адкрытае пытанне, то-бок апытаныя пісалі свае адказы без аніякіх падказак. У выніку атрымаўся наступны ТОП-10 выбітных беларусаў і беларусак усіх часоў:
- Кастусь Каліноўскі
- Францыск Скарына
- Вітаўт
- Леў Сапега (і цалкам род Сапегаў)
- Тадэвуш Касцюшка
- род Радзівілаў цалкам
- Янка Купала
- Пётр Машэраў
- Станіслаў Шушкевіч
- Еўфрасіння Полацкая
Так агулам, але яшчэ цікава паглядзець на такі «пантэон герояў і гераінь» у разрэзе эпох, тым больш што пытанне пра асоб было звязана з папярэднім пытаннем пра ўплывовыя перыяды беларускай гісторыі.
Адзначым яшчэ адзін момант. Хаця пытанне задавалася пра асоб, якія зрабілі шмат на карысць Беларусі, рэспандэнты(кі) час ад часу ўзгадвалі і тых, чый уплыў таксама быў значны, але ішоў далёка не на карысць беларусам. Такія прозвішчы ішлі з подпісамі кшталту «шмат кепскага нарабіў» ці «згуртаваў супраць сябе». То-бок маем на ўвазе, што ў спісе «герояў» трапляюцца і «антыгероі», якія таксама паўплывалі на развіццё і беларускіх зямель, і беларускага народа.
Пачнём з эпохі, якую рэспандэнты(кі) адзначылі галоўнай па ўплыве на развіццё беларускага народа. Такім чынам, ТОП-10 найбольш уплывовых асоб часоў ВКЛ:
- Францыск Скарына
- Вітаўт
- род Сапегаў
- род Радзівілаў
- Міндоўг
- Альгерд
- Ягайла
- Гедымін
- Канстанцін Астрожскі
- Мікола Гусоўскі
Зразумела, што гэта ўсё – вынік гістарычнай палітыкі і таго, што прапісана ў школьных падручніках. Але падаецца выбітным першае месца кніжніка Скарыны, які пасунуў уніз і вялікіх князёў, і вайсковых правадыроў.
Наступны па важнасці этап — часы БНР. І вось ТОП-5 выбітных асоб часоў Беларускай Народнай Рэспублікі:
- браты Антон і Іван Луцкевічы
- Вацлаў Ластоўскі
- Браніслаў Тарашкевіч
- Клаўдзій Дуж-Душэўскі
- Раман Скірмунт
З пералічаных тут асоб рэпрэсіі абмінулі толькі Івана Луцкевіча, бо ён памёр у 1919 годзе. А перажыў рэпрэсіі толькі Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Астатнія былі забіты.
За час Рэчы Паспалітай абодвух народаў абралі такі ТОП-5 асоб:
- род Сапегаў
- род Радзівілаў
- Стэфан Баторый
- род Агінскіх
- Бона Сфорца
Тут адзначу, што калі сярод Радзівілаў і Агінскіх цяжка вылучыць умоўны «твар» роду, то сярод Сапегаў гэта, безумоўна, Леў Сапега — дзяржаўны дзеяч і дыпламат, без якога магло і не стацца Статута Вялікага Княства Літоўскага.
Калі ж казаць пра асоб, якія паспелі зрабіць шмат на карысць краіны за час існавання Рэспублікі Беларусь, то тут топ выглядае наступным чынам:
- Станіслаў Шушкевіч
- Зянон Пазняк
- Васіль Быкаў
- Святлана і Сяргей Ціханоўскія
- Віктар Бабарыка
- Аляксандр Лукашэнка
- Алесь Бяляцкі
- Святлана Алексіевіч
- Марыя Калеснікава
- Мікалай Статкевіч
Адзначу, што часцяком Аляксандр Лукашэнка ўносіўся рэспандэнт(к)амі ў спіс з пазнакай «антыгерой».
Перыяд раннесярэднявечных княстваў даў Беларусі такіх выбітных асоб (па меркаваннях апытаных):
- Еўфрасіння Полацкая
- Усяслаў Чарадзей
- Рагвалод
- Кірыла Тураўскі
- Рагнеда
Не магу не адзначыць, што гэта другі гістарычны перыяд, дзе чалавека кнігі (і жанчыну) апытаныя паставілі вышэй за людзей мяча (князёў-мужчын).
Спіс выбітных беларусаў і беларусак за часы СССР мае такі выгляд:
- Янка Купала
- Пётр Машэраў
- Якуб Колас
- Уладзімір Караткевіч
- Ларыса Геніюш
Як мы бачым, тут таксама літаратар стаіць вышэй за палітыка.
І скончым спісам тых, што шмат даў Беларусі падчас яе знаходжання ў складзе Расійскай імперыі:
- Кастусь Каліноўскі
- Тадэвуш Касцюшка
- Адам і Максім Багдановічы
- Францішак Багушэвіч
- Адам Міцкевіч
- Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
- Марк Шагал
- Эмілія Плятэр
- Эліза Ажэшка
Як мяркуюць апытаныя, за часамі Расійскай імперыі на нашых землях галоўнымі героямі і гераінямі Беларусі былі тыя, хто змагаўся супраць гэтага.
Напрыканцы яшчэ раз зазначу, што гэта вынікі апытання не ўсяго беларускага грамадства, а яго пратэсна настроенай часткі.