Генпракуратура ігнаруе парушэнні правоў грамадзян
Генеральная пракуратура адмаўляецца разглядаць заяву пра парушэнні чыноўнікамі Мінгарвыканкама правоў грамадзян, паведаміла НЧ юрыстка Тамара Сяргей.
Тамара Сяргей
Яна нагадала, што восем гадоў жыхары былой вёскі Цна дабіваюцца ад уладаў добраўпарадкавання адзінай пешаходнай сцежкі, якая праз поле і лес звязвае людзей з мінскім мікрараёнам Зялёны Луг. Адрэзак сцежкі праз лес быў добраўпарадкаваны ў 2010 годзе. Аднак у 2012 годзе сцежку перакрылі, і на ёй сталі ўзводзіць прыватны катэдж.
Калектыўныя звароты мясцовых жыхароў да прэзідэнта краіны і ў Следчы камітэт засталіся без адказу. Суд адмовіўся па сутнасці разглядаць скаргу на незаконныя дзеянні Мінскага гарвыканкаму па выдзяленні пляцу зямлі для будаўніцтва катэджу. У адказах чыноўнікаў як заклінанне паўтараюцца словы пра тое, што ўсё зроблена законна, паколькі зямельны пляц выдзелены шматдзетнай сям’і.
“Аднак участак пад будаўніцтва прыватнага катэджа на месцы агульнай сцежкі быў выдзелены з парушэннямі кодэксу аб зямлі, закону аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, а таксама закону аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці. Сваё меркаванне я засноўваю на тым факце, што чыноўнікі змянілі прызначэнне зямлі ўпотай ад мясцовых жыхароў, а правы і інтарэсы сотняў грамадзян перакрэслілі, каб дагадзіць інтарэсам адной сям’і”, — падкрэсліла Тамара Сяргей.
У гэтай сітуацыі яна звярнулася ў Генпракуратуру з просьбай правесці праверку і ўзбудзіць крымінальную справу адносна чыноўнікаў Мінгарвыканкама за парушэнне імі заканадаўства. “Аднак у Генпракуратуры адмовіліся разглядаць маю заяву па сутнасці і сказілі яе сэнс у сваіх адказах. На маё меркаванне, такія дзеянні супрацоўнікаў Генпракуратуры сведчаць пра страх надзорнага органа краіны перад чыноўнікамі выканаўчай улады”, — сказала юрыстка.