Суд пацвердзіў афіцыйнае папярэджанне Тамары Сяргей аб крымінальнай адказнасці

29 ліпеня суддзя суду Цэнтральнага раёна Мінска Іван Майсейчык не задаволіў скаргу юрысткі Тамары Сяргей. І тым самым  пацвердзіў законнасць і абгрунтаванасць афіцыйнага папярэджання Генеральнай пракуратуры ад 23 красавіка аб крымінальнай адказнасці за арганізацыю дзейнасці незарэгістраванага грамадскага аб’яднання.



zancyny_siarhiej_sud_29_7_13_1.jpg

Грамадзяне, якія прыйшлі ў суд падтрымаць Тамару Сяргей

Яна нагадала, што ў папярэджанні ёй ставілася ў віну публікацыя звестак пра факты і сутнасць зваротаў групы грамадзянаў у дзяржаўныя структуры, а таксама свайго меркавання па розных пытаннях грамадска-палітычнага жыцця дзяржавы. Акрамя таго, Тамара Сяргей абвінавачвалася ў тым, што ў зваротах у дзяржаўныя структуры яна пазіцыянуе сябе ў якасці лідара Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры.

Але такое абвінавачванне сведчыць толькі пра тое, што супрацоўнікі Генпракуратуры дрэнна ведаюць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, паколькі, згодна гэтым дакументам, я маю права на свабоду поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне, а таксама права на распаўсюд інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў. Калі зыходзіць з логікі Генпракуратуры, дык грамадзяне павінны спачатку стварыць і зарэгістраваць грамадскае аб’яднанне, і толькі потым звяртацца да чыноўнікаў дзеля вырашэння сваіх праблемаў. І хоць гэта абсурдна, але гэты абсурд сёння суд узаконіў”, — падкрэсліла юрыстка.

zhanchini_sjargej_sud_29_7_13_2.jpg

Юрыстка каля будынку суду Цэнтральнага раёну Мінска  

Паводле яе слоў, суддзя дэманстраваў прыхільнасць да прадстаўніка Генпракуратуры, згаджаўся з ім і задавальняў усе ягоныя хадайніцтвы. “З другога боку, Іван Майсейчык перашкаджаў мне даваць тлумачэнні і нават адмовіўся выслухаць сведкаў, сцвярджаючых маю пазіцыю. Я ведала, што судовая сістэма Беларусі знаходзіцца ў стане крызісу, аднак паводзіны суддзі Івана Майсейчыка ў судовым працэсе мяне шакавалі. Я лічу, што Беларусь страціла высокі суд, хаця гэтымі словамі мы абавязаныя звяртацца да суддзі падчас працэсу”, — сказала Тамара Сяргей.

Яна будзе абскарджваць рашэнне суду ў касацыйнай інстанцыі, а пры неабходнасці — у Камітэце ААН па правах чалавека.

Фота Марата Гаравога