Скаргі на Салігорскі тэлеканал накіраваны ў пракуратуру, суд і ідэалагічны аддзел

Салігорскі актывіст партыі АГП Віктар Малочка накіраваў скаргі на мясцовы тэлеканал у Мінскі абласны суд, пракуратуру Салігорскага раёна і ідэалагічны аддзел раённага выканкаму.



malochka.jpg

Віктар Малочка (Cалігорск)

Цяжбу з дзяржаўнымі тэлевізіёншычкамі актывіст вядзе з-за адмовы апошніх паставіць у эфіры ў сакавіку 2013 года віншаванні з 95-годдзем Беларускай Народнай Рэспублікі ды адказамі на свае звароты на рускай мове.

Яшчэ напачатку ліпеня Віктар Малочка накіраваў іскавую заяву на дзяржаўнае прадпрыемства “Салігорскі тэлевізійны канал” у суд Салігорскага раёна, але суддзя Ала Трафімчу  адмовіла актывісту АГП ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы. Такое рашэнне суда было абгрунтаванае тым, што заяўнік не прайшоў працэдуру папярэдняга пазасудовага разбіральніцтва.

Вызначэнне суда Салігорскага раёна інакш як абсурдным не назавеш, а таму я вырашыў адназначна абскардзіць яго ў абласным судзе, — кажа Віктар Малочка. — Звярнуўся я са скаргай на тэлеканал і ў ідэалагічны аддзел выканкаму, які суддзя Ала Трафімчук у сваім судовым вызначэнні назвала кампетэнтным органам, адказным за разгляд скаргаў па пытаннях “эксплуатацыі сістэм кабельнага тэлебачання”. Ад Салігорскай пракуратуры ў такіх пытаннях знайсці справядлівасці бадай немагчыма, але накіраваў скаргу і ім.

Актывіст партыі АГП абяцае і надалей працягнуць сваю барацьбу за моўную роўнасць ды пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы ў эфіры Салігорскага тэлеканала. Дзеля гэтага ён гатовы выкарыстаць усе магчымыя прававыя сродкі.


spring96.org