Хронікі рэпрэсій. Яшчэ два прысуды па «справе Зельцэра», перапынак у судзе над прафсаюзнымі актывістамі
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў 8 снежня.
У Мінскім гарадскім судзе асудзілі палітзняволенага
Аляксандра Лобана паводле ч. 1 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці») Крымінальнага
кодэкса.
Суддзя Жанна Брысіна асудзіла Аляксандра на 1 год і 9
месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Пасяджэнне
праходзіла ў закрытым рэжыме.
Аляксандр на момант прысуду адбыў прызначаны тэрмін у СІЗА,
таму яго выпусцілі на волю ў зале суда.
У Гомельскім абласным судзе асудзілі
палітзняволенага Руслана Асятрова паводле ч. 1 арт.
130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці») КК. Суддзя
Аляксей Хлышчанкоў прызначыў мужчыну два з паловай гады пазбаўлення волі ў
калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Руслана затрымалі 29 верасня 2021 года па крымінальнай справе, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра.
У судзе над актывістамі беларускіх незалежных прафсаюзаў — палітвязнямі Генадзем Фядынічам, Васілём Берасневым і Вацлавам Арэшкам абвешчаны
перапынак да панядзелка, 12 снежня.
Іх абвінавачваюць у «закліках да мер абмежавальнага
характару, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі
Беларусь» (ч. 3 арт. 361 КК), «распальванні іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК), «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзеле ў ім» (ч. 1 і ч. 3
арт. 361-1 КК).
Справу разглядае суддзя Анастасія Папко, дзяржабвінаваўца —
пракурор Раман Бізюк.
Суд Партызанскага раёна Мінска завяршыў разгляд крымінальнай
справы 53-гадовага жыхара сталіцы Вадзіма Калініна. Яго абвінавацілі ў абразе
Аляксандра Лукашэнкі паводле ч.1 арт. 368 КК. Судовы працэс
вяла суддзя Наталля Дзядкова.
Згодна з прад’яўленым абвінавачаннем Вадзім у лютым 2022
года пакінуў у сацыяльнай сетцы «Instagram» пад публікацыяй у акаўнце «minsk_news»
з выявай Лукашэнкі каментар абразлівага характару ў ягоны адрас.
Суд прызначыў Калініну пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі
на тэрмін адзін год з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага
рэжыму.
Выйшаў на волю адзін з самых пажылых палітвязняў — 70-гадовы
берасцеец Віталь Зарадзей.
Віталь — былы вайсковец, ліквідатар аварыі на ЧАЭС. У
Берасці ён быў вядомы тым, што пісаў звароты да ўлад.
29 сакавіка 2021 года да яго дамоў уварваліся людзі з
аўтаматамі. Віталя затрымалі і асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі за «абразу
суддзі і абразу прэзідэнта».
Суддзя па справе — Вадзім Здановіч, які часта вядзе палітычна-матываваныя працэсы. У 2017 годзе ён прысудзіў вялікія штрафы
журналістам «Б*лсата» Алесю Леўчуку і Мілане Харытонавай.
Віталя Зарадзея
абвінавацілі ў тым, што ён падаваў у канцылярыі судоў позвы, дзе, паводле
экспертыз, «дапускаў негатыўную ацэнку» суддзяў і Лукашэнкі.
Сілавікі налічылі 7 такіх «правапарушэнняў». Даведацца, якімі ж словамі Віталь
пакрыўдзіў Лукашэнку і суддзяў, не давялося: гэтую частку суда закрылі.
Пакаранне Віталь Зарадзей адбываў у шклоўскай калоніі №17.