Хронікі рэпрэсій за 4 кастрычніка
Светлагорскім РАУС збілі чалавека, вынікі тыднёвага хапуна ў Ваўкавыску — больш за 10 чалавек арыштаваныя, прысуд па «справе Гайдукевіча» пакінулі ў сіле.
У «спіс тэрарыстыў» дадалі яшчэ 3 чалавекі
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ трох чалавек. Сярод іх Дзмітрый Лагуценка, Андрэй Цалюк, Павел Нявыглас. Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1113 чалавек.
Лагуценку затрымалі ў пачатку студзеня за «пікетаванне» ў чат-рулетцы са знакамітым беларускім правакатарам. Падчас затрымання хлопцу на галаву надзелі БЧБ-сцяг, а затым прымусілі мыць ім падлогу, нагадвае Медыязона. Спачатку Лагуценку асудзілі па адміністрацыйным артыкуле за несанкцыянаванае пікетаванне (артыкул 24.23 КаАП). Пасля на хлопца завялі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі (артыкул 368 КК) і распальванне варожасці (артыкул 130 КК). Цяпер, паводле інфармацыі праваабаронцаў Дзмітрый Лагуценка знаходзіцца ў СІЗА.
Журналіст Павел Мажэйка з-за кратаў: «Мне не сорамна ні за адну секунду свайго жыцця».
У ліпені Паўла асудзілі на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» паводле артыкула 361-4 КК. Журналіст віны не прызнаў і абскардзіў прысуд.
Прызначаны судом тэрмін ён пракаментаваў у адным з лістоў, які нядаўна атрымалі сваякі журналіста: «Тэрмін, безумоўна, вялікі. Так доўга асобна мы яшчэ не былі. Але тое, што нас не знішчае, ператварае нас у кінцугі», — зазначыў Павал.
«Кінцугі» — старажытнае японскае майстэрства склейвання разбітай керамікі, пасля якога адноўленая рэч можа выглядаць яшчэ прыгажэйшай. Гэтым майстэрствам захапляліся ў сям’і Паўла Мажэйкі.
У тым жа лісце на волю Мажэйка напісаў пра матывы сваіх паводзінаў на судовым працэсе: «Для мяне было важным захаваць гонар і годнасць, не змаладушнічаць. Мне не сорамна ні за адну секунду свайго жыцця».
У Светлагорскім РАУС збілі чалавека
Як стала вядома У аддзеле ўнутраных спраў Светлагорскага райвыканкама быў збіты чалавек. Па наяўнай інфармацыі, пацярпелы падаў скаргу, прызначана праверка, паведамляюць праваабаронцы.
Здарэнне адбылося ў ізалятары часовага ўтрымання Светлагорскага РАУС у жніўні. Чалавека, які быў змешчаны туды па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні, збіў супрацоўнік міліцыі.
Пасля выхаду з ІЧУ пацярпелы звярнуўся ў медыцынскую ўстанову, сляды збіцця былі зафіксаваны.
Гродзенскага святара аштрафавалі за «распаўсюд экстрэмізму»
На сваёй старонцы ў сацсетках святар Андрэй Наздрын паведаміў, што быў затрыманы па даносе.
Андрэй Наздрын быў затрыманы некаторы час таму — сілавікі праверылі яго тэлефон і сацсеткі — і знайшлі ў інстаграме падпіску на гродзенскага журналіста Руслана Кулевіча, сацсеткі якога былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі ў студзені.
З гэтай нагоды супраць святара быў распачаты адміністрацыйны працэс: складзены пратакол і прызначылі судовае разбіральніцтва.
Суддзя Алена Тоўсцік-Самойла прызначыла святару штраф у памеры 15 базавых велічыняў. Таксама была канфіскаваная «прылада злачынства» — мабільны тэлефон.
Прысуд па «справе Гайдукевіча» пакінулі ў сіле. Хутка 15 палітвязняў этапуюць у калоніі
Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда 4 кастрычніка вынесла рашэнне па выніках разгляду апеляцыйных скаргаў некаторых фігурантаў і іх абаронцаў па «справе Гайдукевіча».
Абскарджвалі прысуд не ўсе палітвязні. З улікам меркавання прадстаўніка Генеральнай пракуратуры ўсе скаргі пакінутыя без задавальнення. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Ігара Любавіцкага разглядала іх два дні.
Нагадаем, суддзя Сяргей Хрыпач прызначыў фігурантам справы тэрміны ад 2 да 25 гадоў калоніі.
У хуткім часе 15 фігурантаў гучнай справы будуць этапаваныя з СІЗА-1 у калоніі.
Палітзняволеную Вікторыю Кульшу зноў змяшчалі ў ШІЗА
Вікторыю двойчы за год асудзілі паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Апошні раз суд прызначыў жанчыне яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да трох з паловай гадоў калоніі.
За першыя паўгода ў зарэчанскай калоніі Вікторыя адбыла мінімум 92 дні ў ШІЗА і паўгады ў ПКТ. Па інфармацыі праваабаронцаў, адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю логцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Акрамя гэтага, жанчына некалькі разоў у калоніі трымала галадоўкі на знак пратэсту супраць жудасных умоваў. Праз гэта ў яе двойчы здараўся сардэчны прыступ.
22 чэрвеня Вікторыю зноў этапавалі ў жаночую калонію № 24.
Цяпер стала вядома, што нядаўна яе ў чарговы раз змяшчалі ў ШІЗА на 30 сутак. Прычыны спагнання невядомыя.
У Мінску сёння пачалі судзіць былога вайскоўца Паўла Кучынскага
У Мінскім абласным судзе 4 кастрычніка разглядаюць справу супраць Паўла Кучынскага. Працэс вядзе суддзя Аляксандр Рыбакоў. Паўла абвінавачваюць паводле 7 крымінальных артыкулаў — сярод іх «здрада дзяржаве», «акт тэрарызму», «стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй».
Арганізацыя сілавікоў Беларусі BYPOL у мінулым верасні пісала, што Павел Кучынскі быў затрыманы ў сувязі з верагодным дачыненнем да справы «інкасатараў» — «спецслужбы пад катаваннямі прымусілі яго ўдзельнічаць у правакацыі, у рамках якой апошні выйшаў на сувязь з прадстаўнікамі BYPOL і прапанаваў здзейсніць акцыі прамога дзеяння. Усе перамовы і перапіска фіксавалася».
За «распаўсюд экстрэмізму» грамадскімі працамі пакаралі жыхара Лёзненскага раёна
Суддзя і старшыня суда Лёзненскага раёна Алена Шарэц 13 верасня за распаўсюд «экстрэмізму» ў сацыяльнай сетцы Instagram пакарала грамадскімі працамі на 20 гадзін і канфіскавала тэлефон у маладога жыхара аграгарадка Дабрамыслі Іллі Самохіна.
У судзе высветлілася, што малады чалавек паставіў «лайк» на допіс «Радыё Свабода» ў Instagram, піша «Віцебская Вясна».
Затрымалі трактарыста, у якога на лабавым шкле быў бел-чырвона-белы сцяг з гербам Пагоня
Сілавікі адсправаздачыліся пра затрыманне супрацоўніка «Зелянбуда». На лабавым шкле ў яго трактары быў прымацаваны бел-чырвона-белы сцяг з гербам Пагоня. Відэа з затрыманым апублікавалі ў праўладным тэлеграм-канале. Там сцвярджаюць, што данос на кіроўцу трактара «Беларус» даслалі ў бот сілавікоў.
«Быў затрыманы за тое, што размясціў на сваім трактары сіволіку «бел-чырвона-белы колер»«, — кажа затрыманы ў “палонным” відэа.