Ілля Дабратвор вырашыў вярнуцца ў Беларусь пад гарантыі Васкрасенскага?

Не так даўно Ілля Дабратвор развёўся з жонкай, з якой пражыў доўгія гады і мае пяцёра дзяцей. А цяпер вырашыў вяртацца ў Беларусь. «Дзякуй Юрыю Васкрасенскаму за такую магчымасць»,  — напісаў Дабратвор. 

dabratvor_u_viasnie_1.jpg

Грамадскі актывіст, які ўжо некалькі гадоў жыве ў Польшчы, распавёў “Народнай Волі” пра сваё рашэнне, якое многія называюць “дзіўным” і “неадназначным”.

У Іллі і Іны Дабратвораў вялікая сям’я — пяцёра дзяцей. Тым не менш, у 2021 годзе ўсе яны пакінулі межы Беларусі. 

У сакавіку 2021 года Іне Дабратвор прызначылі неверагодна вялікі штраф за так званае «пікетаванне» — размяшчэнне фотаздымкаў апазіцыйных палітыкаў у вакне ўласнай кватэры. У выніку жанчыну прызналі вінаватай, у якасці пакарання ёй далі штраф у памеры 200 базавых велічынь (5800 рублёў).

На гэтым справа не скончылася, і Іну Дабратвор затым другі раз судзілі за такое ж самае «пікетаванне». І суд ізноў прысудзіў штраф: 5800 рублёў.


Глядзіце таксама

Пасля гэтага жанчына з’ехала за мяжу, а яе муж Ілля застаўся ў Беларусі адзін з пяццю дзецьмі. На той час старэйшай Сафіі было 17 гадоў, Яўсею — 15, Герману — 11, Марку — 9 і Агаце — 7.

“Жонка і раней збіралася ехаць у Польшчу на працу, але трэба было спяшацца, — патлумачыў “Народнай Волі” Ілля Дабратвор. —  Бо, калі судовыя рашэнні ўступяць у сілу, то праехаць цераз мяжу было б немагчыма. Таму Іна рашылася — і 9 красавіка пакінула Беларусь.

Нашу сям’ю ўжо даўно пачалі цкаваць, гэта такая дробная помста і за нашу пазіцыю, і за працу назіральнікамі на выбарах. Мне, напрыклад, не так даўно невядомыя адкруцілі гайкі ў колах аўтамабіля; добра, што мы гэта заўважылі. А маглі б ехаць па трасе з пяццю дзецьмі, да трагедыі быў адзін крок.

Самае складанае ў гэтай сітуацыі, што мне практычна немагчыма працаваць. Раней мы з Інай маглі падмяняць адно аднаго ў працы, доглядзе дзяцей, гаспадарцы, а зараз усё ўзвалілася на мае плечы. У любы момант могуць патэлефанаваць, каб ляцеў у дзіцячы садок, бо дзіця захварэла, або нешта іншае. З адным дзіцём складана, а тут пяцёра!”

Зрэшты, Ілля Дабратвор не выключаў варыянт і свайго ад’езду за мяжу, хаця перспектывы акрэсліваў не вельмі вясёлыя: “Думаю, у Польшчы арандаваць жыллё і пракарміць такую вялікую сям’ю проста нерэальна. А без грошай ты нідзе асабліва не патрэбны. Я ж не IT-спецыяліст, не змагу знайсці нейкую высокааплатную працу. Таму выезд за мяжу разглядаю як крайнюю меру”.

Тым не менш, прыкладна праз месяц пасля ад’езду ў Польшчу жонкі на старонцы Іллі Дабратвора ў фэйсбуку з’явілася фота: ён і пяцёра дзяцей у самалёце, які звёз іх з Мінска ў Варшаву.

«На вялікі жаль, я вымушаны дзеля бяспекі дзяцей пакінуць краіну», — падпісаў здымак Ілля.

У Польшчы Ілля Дабратвор здымаўся ў масоўках кіно, працаваў ахоўнікам на футбольных матчах і канцэртах, а таксама практычна кожны дзень таксаваў.

Глядзіце таксама

Стала таксама вядома, што адносна не так даўно Ілля развёўся з жонкай, з якой пражыў доўгія гады.

Пасля гэтага актывіст напісаў у сацыяльных сетках, што “машына зламалася, і я дакладна ведаю, куды аддам апошнія 100 злотых – на білет да Мінска”.

“Думай, чым у Беларусі будзеш займацца, — напісалі Дабратвору ў каментарыях сябры. — Пасля таго, як выступіш на БТ. Магчыма, настойліва папросяць працаваць разам з Юрыем Васкрасенскім і Раманам Пратасевічам “сістэмным апазіцыянерам”.

“Не выключана”, — адказаў Ілля Дабратвор.

Праз нейкі час Ілля ўдакладніў сваю пазіцыю наконт вяртання ў Беларусь: “Я вырашыў вярнуцца. Дзякуй Юрыю Васкрасенскаму за такую магчымасць, пад яго гарантыі. У наступны панядзелак выязджаю…”

Гэты допіс Дабратвора выклікаў цэлую хвалю самых розных каментарыяў. Хтосьці палічыў, што гэтая інфармацыя – фэйк, нехта прыняў яе ўсур’ёз. Вось некаторыя з каментарыяў:

“Васкрасенскі можа такую ж гарантыю даць, як і я. Хто ён, каб табе нешта гарантаваць?.. Прасцей яўку з павіннай у КДБ аформіць, чым праз пасярэднікаў”;

“Гэта ж трэба быць настолькі наіўным, каб даверыцца Васкрасенскаму!”

“Калі гэта не гумар, то Дабратвор зробіць самую вялікую памылку, пра якую не забудзе ўсё астатняе жыццё. Натуральна, калі гэта не зрэжысаваны варыянт”;

“Ну а што? Вернешся — і адразу на БТ. Публічнасць табе забяспечана, ты яе заўсёды прагнуў. Калі што, то скажаш, што на варожую мову так і не перайшоў, колькі ні спрабавалі цябе пераканаць сябры па партыі. Яшчэ раскажаш, як усім кепска ў Польшчы, выкажаш падзяку Васкрасенскаму і яшчэ каму-небудзь. Глядзіш — месца дэлегата Ўсебеларускага сходу ў кішэні. Вяртайся”.

Глядзіце таксама

“Народная Воля” звярнулася да самога Іллі Дабратвора, каб той праясніў сітуацыю наконт свайго вяртання.

— Я сапраўды вырашыў вярнуцца ў Беларусь, — коратка паведаміў суразмоўца. – Планую зрабіць гэта ў панядзелак, 23 ліпеня, хаця планы могуць змяніцца.

Тут шмат розных нюансаў, якія паўплывалі на гэтае рашэнне.

— Што з дзецьмі?

— Дзеці застаюцца ў Польшчы з маці, з якой тыдзень таму мы развяліся. А не жывем разам з Інай ужо два месяцы.

— Столькі год разам пражылі, у вас пяцёра дзяцей…

— Так атрымалася, не хачу гэта нават каментаваць..

— Вы звярталіся ў камісію па разгляду зваротаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца за мяжой?

— Не, я не падаваў туды заяву.

— Некаторых з тых, хто вяртаецца дадому, затым затрымліваюць і судзяць…

— Я гэтага не баюся.

— У сваім допісе ў сацыяльных сетках вы напісалі, што вяртаецеся ў Беларусь пад гарантыі Юрыя Васкрасенскага. Ён на самай справе даў вам нейкія гарантыі?

— Па тэлефоне Васкрасенскі сказаў, што ў мяне ўсё будзе добра.

— Чым вы плануеце заняцца ў Беларусі?

— Пакуль не ведаю. Спачатку трэба вярнуцца, а далей ужо нейкія планы складаць.

— Пад Мінскам у вас быў дом, у горадзе — кватэра. Што з імі зараз?

— Наколькі вядома, яны знаходзяцца пад арыштам. Але я ўсё роўна вырашыў вярнуцца…

Глядзіце таксама

Задала "Народная Воля" і некалькі пытанняў і Юрыю Васкрасенскаму.

— Ці праўда, што вы давалі нейкія гарантыі бяспекі спадару Дабратвору, які жадае вярнуцца ў Беларусь? У вас на гэта ёсць нейкія афіцыйныя паўнамоцтвы?

— Ілля Дабратвор на самай справе звярнуўся да мяне па дапамогу. І, наколькі гэта ў маіх сілах, я аказваю садзейнічанне па вяртанні Іллі дадому. Разам з тым хачу ўдакладніць, што рашаючае слова будзе за праваахоўнымі органамі. Калі ў іх не будзе ніякіх пытанняў да Дабратвора, то ён можа без перашкод вярнуцца.

— Адным словам, ніякіх гарантый вы не давалі?

— Бліжэйшае пасяджэнне камісіі пройдзе 20 ліпеня, і, напэўна, да гэтага часу я даведаюся пазіцыю праваахоўнікаў у дачыненні да Дабратвора. Але, наколькі мне вядома, у масавых беспарадках удзел ён не прымаў. А за тое, што недзе ўдзельнічаў, ужо панёс пакаранне. Але Ілля сказаў, што і на самай справе хоча дадому, што яму няма жыцця на чужыне.

— А чаму ён не звяртаўся з заявай у камісію?

— Стандартны маршрут – гэта і насамрэч зварот у камісію, але мы з Дабратворам ведаем адзін аднаго гадоў дваццаць. Таму ён і папрасіў мяне вывучыць пытанне вяртання ў абыход фармальных працэдур. Але, паўтаруся, я пакуль не ведаю канчатковую пазіцыю сілавых структур…