Нядаўна ў мінскім пад'ездзе расклеілі партрэты палітвязняў. ЖЭУ выставіла шкоду
У нядзелю ў пад'ездзе дома ў Заводскім раёне расклеілі партрэты палітычных зняволеных. Вечарам высветлілася, што на мясцовую жыхарку (жонку журналіста Іллі Дабратвора, маці пяцярых дзяцей) склалі пратакол за пікетаванне. За аднаўленне пад'езда ЖЭУ выставіла шкоду, паведамляе «Мінск-Навіны».
Галерэя з партрэтамі палітычных зняволеных з'явілася ў шматпавярхоўцы на вуліцы Арцёма. Дом знаходзіцца ў падпарадкаванні ЖЭУ №3. Дырэктар прадпрыемства Раман Дзмітраніца распавёў, што пра тое, што адбываецца, даведаўся ў нядзелю.
— Мы ўжо склалі каштарыс на рамонт сцен паміж 7-м і 8-м паверхамі, адмыць якія немагчыма. Пасля іх ачысткі пашкоджанымі аказаліся каля 40 «квадратаў» дэкаратыўнай тынкоўкі і акрылавай фарбы. На аднаўленне разам з расходнымі матэрыяламі і працай спатрэбіцца 821 рубель. У адпаведнасці з загадам Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ад 4 лютага 2015 г. №5 «Аб некаторых пытаннях правядзення бягучага рамонту жыллёвага фонду» нанесеная шкода будзе пакрыта за кошт жыхароў усіх 32 кватэр пад'езда. Аднак будзе праведзены пераразлік, калі выявяць правапарушальніка, — распавёў дырэктар ЖЭУ.
Нагадаем, 21 сакавіка была затрыманая жонка журналіста Іллі Дабратвора — маці пяцярых дзяцей Іна Дабратвор. Увечары дома ў сям'і прайшоў ператрус, тады ж жанчыну адпусцілі. Яе муж распавёў, што жонку затрымалі ў рамках праверкі па факце пікетавання шляхам расклейвання партрэтаў палітвязняў па ч.3 арт. 24.23 КаАП. Таксама Следчым камітэтам вядзецца праверка арт. 341 КК Беларусі («Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці»). Паводле апошняй інфармацыі, Іна Дабратвор не знаходзілася ні ў якім статусе.
tut.by