«Падобная да мяне, але прыгожая». Палітвязень Эдуард Пальчыс нарэшце ўбачыў фота маленькай дачкі
Амаль паўгода за кратамі ўтрымліваюць вядомага блогера, палітвязня Эдуарда Пальчыса. Яго затрымалі 27 верасня ў Мінску. Чатыры месяцы таму ў яго нарадзілася дачка Эмілія. Але цэнзура не прапускала яе фотаздымкі. І толькі месяц таму фота прапусцілі, піша «Свабода».
Адбыўшы 30 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу 24 траўня каля Камароўскага рынку, Эдуард Пальчыс меўся выйсці на волю, але дома не з'явіўся, а апынуўся ў СІЗА на Валадарскага.
Пазней стала вядома, што на блогера завялі крымінальную справу па 342-м артыкуле — за арганізацыю альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Тры тыдні хварэў «невядома на што»
Першыя два месяцы ад новага арышту Эдуард Пальчыс адбыў на «Валадарцы». У снежні палітвязня перавялі ў СІЗА ў Жодзіне, а ў канцы студзеня вярнулі зноў у мінскае СІЗА на Валадарскага.
«Верагодна, гэта было звязана са следствам па яго справе, але ведаю, што цяпер зноў аніякіх следчых дзеянняў няма», — расказала жонка Эдуарда Пальчыса Вікторыя.
Вікторыя Пальчыс працытавала ліст, які нядаўна атрымала ад мужа.
«Ем, сплю, адказваю на лісты, чытаю, хаджу на прагулкі. Падзеі вакол следства, абвінавачання, будучага суду мяне ўвогуле не хвалююць», — напісаў ёй Эдуард.
Паводле звестак Вікторыі, справа мужа яшчэ не перададзеная ў суд. Пры гэтым, паводле Вікторыі Пальчыс, Эдуард мяркуе, што на волю хутка не выйдзе. «У лістах ён ужо замовіў для перадачы яму летняе адзенне па правілах зоны. То-бок, не выключае, што ўлетку адправяць у калонію», — кажа Вікторыя Пальчыс.
У Жодзінскім СІЗА Эдуард Пальчыс хварэў. Вікторыя не выключае, што муж на нагах перанёс каронавірус.
«Напісаў, што хвароба цягнулася недзе тры тыдні. Была падвышаная тэмпература, насмарк, увесь час адчуваў стому. Але тэст яму там не рабілі, што дакладна з ім было — невядома. Цяпер нібыта нармальны стан, але мае патрэбу ў вітамінах, напісаў, якія даслаць. Спрабуе, як можа, падтрымліваць здароўе, у тым ліку займаецца фізкультурай», — паведаміла Вікторыя Пальчыс.
«Чытае мастацкую літаратуру і Біблію»
Ёй вядома, што цяпер мужа трымаюць у камеры, разлічанай на 10 чалавек. Парушэнняў турэмных парадкаў у яго няма, у карцар не трапляў.
«Чытае мастацкую літаратуру і Біблію. Яшчэ ведаю, што ў камеры ёсць тэлевізар. Глядзелі неяк „Уцёкі з Шоўшэнка“, усе сукамернікі не хавалі радасці ад фіналу», — расказала Вікторыя Пальчыс.
Праз два месяцы, як Эдуарда Пальчыса затрымалі, у яго нарадзілася дачка, назвалі Эміліяй. Цяпер Вікторыя і Эмілія Пальчысы часова жывуць у Вільні. Дзяўчынцы ўжо 4 месяцы, але толькі месяц таму да Эдуарда ў лісце дайшоў яе фотаздымак.
«Напісаў, што вельмі рады, і адзначыў, што яна падобная да яго, але пры гэтым прыгожая», — паведаміла жонка блогера Вікторыя.
Раней, калі ў ліст да мужа ў вязніцу ўкладвалі фотаздымкі дачкі, цэнзура іх не прапускала.
«Гэта было ў Жодзіне, а як перавялі на „Валадарку“, дык фотку прапусцілі», — адзначае Вікторыя.
Паводле маладой маці, іх з Эдуардам дачка расце выдатна.
«Шчочкі наела, ужо ўмее гуляць з цацкамі і агукаць», — кажа Вікторыя.
Жанчына кажа, што марыць пра тое, каб муж змог упершыню пабачыць і пацалаваць іх дачку.