Ігар Ільяш завёз першую перадачу Кацярыне Андрэевай у Жодзіна (фота)
Журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова застаюцца за кратамі ўжо больш за чатыры месяцы.

Кацярыну Андрэеву этапавалі ў жодзінскую турму 17 сакавіка, распавядае «Белсат».
Этапаванне зацягнулася на ўсю ноч і завершылася толькі раніцай: спачатку яе і
іншых вязняў давезлі на аўтазаку да чыгуначнай станцыі, адтуль у «сталыпінскіх»
вагонах адправілі ў Жодзіна, а з жодзінскага вакзала да турмы зноў везлі ў
аўтазаках. На Валадарскага перад этапам і адразу пасля этапавання ў Жодзіна
Кацярыну некалькі гадзін трымалі ў так званай «камеры-адстойніку». За дзень да
гэтага, 16 сакавіка, у Жодзіна адправілі Дар’ю Чульцову.
Нягледзячы на цяжкія ўмовы этапу, Кацярына захоўвае добры
эмацыйны стан, бадзёры настрой і не скардзіцца на здароўе. Адразу пасля
пераводу ў Жодзіна Кацярыну наведаў адвакат Сяргей Зікрацкі. На наступны дзень
пасля этапавання муж журналісткі Ігар Ільяш завёз ёй у турму перадачу.


Кацярына і Дар’я не першы раз трапляюць у Жодзінскую турму: яны сядзелі там амаль 2,5 месяцы перад судом. У лютым і сакавіку нашых
каляжанак трымалі ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Увесь гэты час
Каця сядзела ў адной камеры з журналісткай TUT.by Кацярынай Барысевіч.
Журналісткі «Белсата» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова
былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года за стрым з жорсткага разгону падчас
акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэння сілавікамі народнага мемарыялу.
Кацярыне і Дар’і выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») КК. Праваабаронцы
прызналі журналістак палітвязнямі. 18 лютага 2021 года суд Фрунзенскага раёна Мінска пакараў Кацярыну і Дар’ю 2 гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі.
Нашы каляжанкі не прызналі сваёй віны і лічаць пераслед помстай спецслужб за
прафесійную дзейнасць.


Харчы, якія не прынялі ў перадачу. Фісташкі павінны быць без шалупаек, а джэмы — забароненыя.
Абаронцы яшчэ 26 лютага накіравалі апеляцыйную скаргу на вырак суддзі Наталлі Бугук. Адвакаты патрабуюць скасаваць прысуд Фрунзенскага раённага суда і спыніць вядзенне ў гэтай крымінальнай справе. Апеляцыйную скаргу на вырак разгледзяць у Мінскім гарадскім судзе 23 красавіка а 10:00.

Вырак Кацярыне і Дарʼі меў вялікі рэзананс як у Беларусі,
так і на міжнародным узроўні. Палітычна матываваны пераслед нашых каляжанак
асудзілі журналісты, палітыкі, грамадскія дзеячы, дыпламаты і лідары
дэмакратычных краін.