Ілля Дабратвор, які з'ехаў за мяжу з пяццю дзецьмі: У Варшаве працую таксістам і ў масоўках кіно
Грамадскі актывіст, які месяц таму з’ехаў у Польшчу, распавёў «Народнай Волі», ці складана з пяццю дзецьмі пачынаць на новым месцы «жыццё з нуля».
![ilja_dabratvor_1.jpg.webp ilja_dabratvor_1.jpg.webp](/img/v1/images/ilja_dabratvor_1.jpg.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Напрыканцы мая гэтага года на старонцы Іллі Дабратвора ў фэйсбуку з’явілася фота: ён і пяцёра дзяцей у самалёце, які звёз іх з Мінска ў Варшаву.
«На вялікі жаль, я вымушаны дзеля бяспекі дзяцей пакінуць
краіну», — падпісаў здымак Ілля.
17 мая Ілля Дабратвор быў выкліканы на допыт у Следчы
камітэт. Яшчэ раней з краіны з’ехала яго жонка Іна, пасля таго як суд
аштрафаваў яе на 11.600 рублёў за вывешаныя ў акне партрэты Святланы
Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай, Віктара Бабарыкі і герб «Пагоня».
Акрамя таго, у доме Дабратвора прайшлі вобшукі…
— Іна ўжо знаходзілася ў Варшаве, а я пасля паходу ў Следчы
камітэт прыняў рашэнне адправіцца з дзецьмі туды ж, — кажа Ілля. — Да таго ж з
боку праваахоўнікаў ціск ішоў неверагодны — у дзверы амаль штодзень грукала
міліцыя.
Жонка мне адразу сказала, што трэба з’язджаць як мага
хутчэй, але я яшчэ некалькі дзён думаў.
— Складана было сабраць у дарогу пяцярых дзяцей?
— Нічога складанага, бо ў самалёт мы бралі з сабой мінімум
рэчаў. Набывалі квіткі проста ў аэрапорце, нейкага асаблівага надгляду не было.
Памежніца паглядзела, што я вылятаю ў Польшчу па працоўнай візе, таму, магчыма,
было такое стаўленне.
А фотаздымак з сям’ёй у самалёце я апублікаваў у фэйсбуку пасля таго, як мы ўзляцелі.
— Наконт працы дамаўляліся зараней? Такую ж сям’ю карміць
трэба ў любой краіне…
— Пакуль прыляцелі, жонка нам зняла пакой на дзесяць дзён,
бо неабходна было такі тэрмін знаходзіцца на каранціне.
Хацелася, безумоўна, знайсці больш-менш нармальную працу,
таму ў хуткім часе набыў у Варшаве аўтамабіль. Трэба адзначыць, што тут аўто
каштуюць на парадак танней, чым у Мінску.
У Варшаве працы хапае, і за яе куды больш плацяць, чым у
Беларусі, але трэба было прыгледзецца, ацаніць сітуацыю.
Першым часам здымаўся ў масоўках кіно, гэта можна было
рабіць штодзень. За масоўку ў дзень плацяць ад 100 злотых (каля 30 долараў) за
некалькі гадзін працы.
— Якія былі яшчэ варыянты працаўладкавання?
— Работа таксістам на сваёй машыне. Калі не ленавацца, то
больш за 100 долараў у дзень лёгка можна зарабіць. У выхадныя — у два разы
больш. Адным словам, за тыдзень можна займець сярэдні беларускі месячны
заробак.
Дарэчы, для таго каб працаваць таксістам у Польшчы,
падыходзіць і беларускае вадзіцельскае пасведчанне. Акрамя таго, неабходны былі
даведка, што ў мяне няма судзімасці ў Польшчы, і даведка з дарожнай паліцыі.
Калі ты добра валодаеш беларускай мовай, то праблем у
зносінах з польскімі кліентамі практычна няма. Рэдка калі пытаюцца: «Адкуль
пан?» Многія думаюць, што прыехаў з Беласточчыны.
— Дзе зараз жыве сям’я?
— Здымаем трохпакаёвую кватэру ў Варшаве, і трэба сказаць,
што арандаваць жыллё тут значна даражэй, чым у Мінску. 2500 злотых (каля 700
долараў) у месяц без уліку камунальных паслуг. Хаця калі ты без сям’і, то можна
знайсці жыллё і за 200 долараў.
Цікава: у Польшчы няма такой тэндэнцыі, як у Беларусі, што ў
маленькіх гарадках зняць жыллё танней, чым у сталіцы. Кошты паўсюль прыкладна
аднолькавыя, таму ехаць у правінцыю не мае сэнсу. У Варшаве, напрыклад, значна
больш варыянтаў працаўладкавання.
— Ваша жонка таксама працуе?
— Так, на аддаленай рабоце. Займаецца дакументаабаротам у
адной кампаніі. Іна ў Мінску выкладала англійскую мову, але ў Польшчы беларускі
дыплом аб вышэйшай адукацыі не прызнаецца, таму працу па спецыяльнасці знайсці
не так проста.
— Ужо вызначыліся, дзе будуць вучыцца дзеці?
— Пойдуць у школу, пакуль выбіраем. Сафіі зараз 17 гадоў,
Яўсею — 15, Герману — 11, Марку — 9 і Агаце — 7.
Мяне ўразіла, што тут на дзяцей, якія не дасягнулі 18 гадоў,
даюць штомесячную дапамогу — па 500 злотых на кожнае дзіця. А ў «сацыяльна
арыентавай» Беларусі дапамога выплачваецца толькі па даглядзе дзяцей да 3
гадоў.
— У вас жа застаўся дом пад Мінскам. Што з ім?
— Дом пад арыштам, і я не ведаю, як далей будуць
разгортвацца падзеі ў Беларусі. Хаця ёсць у Мінску людзі, на якіх я аформіў
даверанасць і якія будуць даглядаць нерухомасць.
— Вы з’ехалі назаўсёды ці ў бліжэйшы час збіраецеся з сям’ёй
вярнуцца ў Беларусь?
— Безумоўна, хочацца жыць у сваёй роднай краіне, але трэба думаць і пра перспектывы. Таму пакуль пажывём у Польшчы, а далей — жыццё пакажа…