«Я бачу!»: школьнікам Берасцейшчыны правераць зрок мабільна
З 2018 года брыгады дактароў будуць ездзіць па вёсках Брэсцкай вобласці, каб праверыць зрок у школьнікаў.
Вядома, што вялікі адсотак беларускіх школьнікаў маюць праблемы са зрокам. У дзяцей з сельскай мясцовасці не заўжды ёсць магчымасць у час праверыць зрок і пачаць лячыцца.
Праект «Я бачу!» рэалізуецца пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і абласных выканкамаў. Ініцыятарам дабрачыннага праекта «Я бачу!» з’яўляецца беларускі дзіцячы фонд. «Найперш, праблема заключаецца ў тым, што ў многіх раёнах ужо не існуе дзіцячых афтальмолагаў. І дзякуючы рэзанансу, магчыма, выпускнікі Медычных ВНУ абяруць сабе такую спецыяльнасць», — сказала намесніца дырэктара Беларускага дзіцячага фонду Ірына Чарнякова.
На працягу двух гадоў праект «Я бачу!» рэалізоўваўся ў 19 раёнах Магілёўскай і 14 раёнах Гомельскай абласцях краіны. За гэты час было абследавана каля 25 тысяч дзяцей. Мабільныя брыгады дзіцячых дактароў-афтальмолагаў наведваюць дзяцей па месцу іх вучобы і праводзяць агляды прама ў школах. Для рэалізацыі праекта арганізатары абсталявалі спецыяльныя аўтамабілі, набылі афтальмалагічнае абсталяванне і арганізавалі працу дактароў.
Рэйд па сельскіх мясцовасцях Гомельскай вобласці скончыцца ў канцы снежня 2017 года. На сёння ўжо абследавана каля 12 тысяч дзяцей. Праблемы са зрокам у дзяцей, якія вучацца ў вясковых школах, былі выяўлены ў 35% ад агульнай колькасці школьнікаў, прычым у 40% з іх праблемы былі дыягнаставаныя ўпершыню. Школьнікі праходзілі абследаванне на некалькіх апаратах. Пры парушэннях яны атрымлівалі рэкамендацыі дактароў, рэцэпты на медыкаменты і акуляры, а ў самых сур’ёзных выпадках — накіраванне на паглыбленую дыягностыку, кансерватыўнае і аператыўнае лекаванне ў абласныя і рэспубліканскія цэнтры.
З 2018 года праект будзе рэалізоўвацца ў Брэсцкай вобласці. Дактарамі плануецца праверыць каля 14 тысяч дзяцей. А сродкі на рэалізацыю праекта «Я бачу!» будуць сабраныя на працягу восьмай дабрачыннай каляднай ініцыятывы кампаніі velcom «Рабіць дабро так проста», якая пройдзе па Беларусі з 1 па 31 снежня.
«Кожны, хто падключаецца на тарыфны план velcom «Камфорт» і «Камфорт+» у перыяд з 1 па 31 снежня, аўтаматычна ахвяруе пяць рублёў на дабрачынныя праекты», — сказаў начальнік аддзелу карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Вячаслаў Смірноў.
На прэс-брыфінгу, які быў прысвечаны новаму этапу рэалізацыі праект ў Брэсцкай вобласці, быў прадэманстраваны спецыяльны мабільны рэфрактометр. Распрацоўка ў галіне дзіцячай афтальмалогіі вядзецца ў межах праекта velcom «Я бачу!». Калі спампаваць дадатак на смартфон, а пасля прыкласці да дысплэя прыладу, яна можа вызначыць зрок чалавека і наяўнасць астыгматызму. Прылада не з’яўляецца медычнай, але яе можна выкарыстоўваць як штуршок для далейшага прафесійнага абследавання зроку школьнікаў.
У 2017 годзе ў межах праекту «Я бачу!» была зроблена кампанія, на працягу якой на прыпынках грамадскага транспарту з’явіліся яскравыя плакаты з рознымі варыянтамі практыкаванняў для зрокавай гімнастыкі, а на рэкламных шчытах — стылізаваныя пад табліцы для праверкі зроку білборды з нагадваннем пра тое, чаму важна наведваць афтальмолага. Таксама ў межах праекту быў прадстаўлены ролік з відэаруханкай для вачэй, у якім узялі ўдзел вядомыя беларусы разам з дзецьмі.