velcom будзе развіваць беларускамоўны кантэнт у межах лічбавага тэлебачання Voka

Тэлекам-аператар velcom мае намер развіваць беларускамоўны кантэнт у межах сваёй платформы лічбавага тэлебачання voka, паведаміў 29 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік генеральнага дырэктара velcom па фіксаванай сувязі і інтэграцыі Антон Бладзік.

voka.jpg

«Мы вельмі хацелі б, каб у нашай відэатэцы пры ўдзеле анлайн-кінатэатраў з'яўляліся папулярныя фільмы з дарожкамі на беларускай мове. Мы вядзем актыўную працу ў гэтым напрамку, перамовы з праваўладальнікамі. Я ўпэўнены, што паглядзець, да прыкладу, новы сезон «Гульні тронаў» або «Картачны домік» здорава не толькі ў арыгінале і рускай агучцы, але будзе не менш цікава і ў беларускай агучцы прафесійнымі акцёрамі», — сказаў Бладзік.
У сваю чаргу начальнік упраўлення маркетынгу кампаніі Юлія Дайнэка адзначыла вялікую папулярнасць у гледачоў праекту «Беларускія ўікэнды», дзякуючы якому і яго афіцыйнаму партнёру ў асобе velcom у беларусаў з'явілася магчымасць глядзець сусветнае кіно на роднай мове ў кінатэатрах. Паступова праект «Беларускія ўікэнды» набывае рэспубліканскі размах. Паказы, аналагічныя тым, што арганізуюць для мінскіх гледачоў, праходзяць у кінатэатрах абласных цэнтраў і іншых гарадоў.
Як паведаміў Бладзік, у пачатку 2018 года абанентаў фіксаванага інтэрнэту velcom пачнуць перавдзіць на адзіную платформу лічбавага ТБ voka. Карыстальнікам прапануюць каля 100 тэлеканалаў, кантэнт папулярных анлайн-кінатэатраў, 4K-кантэнт і магчымасць глядзець «разумнае» ТБ на тэлевізарах з функцыяй Smart TV. Пры гэтым сэрвіс voka будзе даступны як у фіксаванай сетцы velcom, так і ў любой іншай інтэрнэт-сеткі Беларусі.
Абаненцкая база фіксаванага інтэрнэту і ТБ аб'яднанага брэнда velcom уключае больш за 300 тысяч карыстальнікаў. У бліжэйшыя гады кампанія плануе актыўна пашыраць базу карыстальнікаў фіксаванага інтэрнэту і развіваць інфраструктуру на ўсёй тэрыторыі Беларусі.
Паводле naviny.by