Яшчэ двое адвакатаў пазбавіліся ліцэнзій, адзін выключаны з Гродзенскай калегіі
Кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці правяла чарговую чыстку. У выніку яшчэ некалькі адвакатаў пазбавіліся працы.
У выніку чарговай чысткі адвакацкіх ліцэнзій гэтым разам пазбавілі Аляксея Дравіцу і Паўла Праўдзікава. Матывацыя — «недастатковая кфаліфікацыя».
Нібыта за дысцыплінарнае спагнанне выключылі з Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў Генадзя Тараса. «Недастатковай» кваліфікацыю палічылі таксама і ў Сяргея Афонскага, які цяпер не можа праз гэтае рашэнне выконваць свае прафесійныя абавязкі.
Адвакатак Таццяну Кавалевіч і Вікторыю Осіпаву прызналі «няпоўнасцю адпаведнымі» патрабаванням заканадаўства — ім далі адтэрміноўку на шэсць месяцаў.
Нагадаем, у Беларусі сістэматычна пераследуюць адвакатаў за іх прафесійную дзейнасць: саджаюць за краты, пазбаўляюць ліцэнзій, фактычна, забараняюць працаваць.
Так, за кратамі ужо амаль два гады знаходзіцца вядомы ва ўсім свеце адвакат Максім Знак. 2 гады «хіміі» нядаўна прысудзілі за адвакацкую дзейнасць Андрэю Мачалаву. Затрыманы Вячаслаў Чычын, крымінальная справа заведзеная на Аляксандра Данілевіча. Шмат каго з адвакатаў пазбавілі ліцэнзіі — напрыклад, Марыю Колесаву-Гудзіліну, Яўгена Пыльчанку,Дзмітрыя Лаеўскага і іншых.