Яўген Васьковіч атрымаў падарункі на Каляды

Сябры і калегі журналіста, сябра ГА “БАЖ”, палітвязня Яўгена Васьковіча перадалі яму да каталіцкага свята Нараджэння Хрыстовага цёплыя рэчы, гігіенічныя сродкі; аформілі падпіску на газеты і часопісы.



vaskovich1.jpg

Паўдзельнічалі ў гэтым і БАЖаўцы з Бабруйска, памятаючы пра яго прыналежнасць да каталіцкай канфесіі.

Як кажа маці Яўгенія Рушанія Васьковіч, у калоніі ён зараз працуе ў швейным цэху. Па яго словах, праца яму падабаецца. Але час ад часу ў яго ўзнікаюць праблемы са спіной, са страўнікам.

Маці Васьковіча мела размову з яго доктарам, які прапісаў Яўгену лекі, вітаміны. Рушанія Іванаўна набыла іх і ўжо выслала сыну. Таксама яна паслала Яўгену бандэроль з канвертамі і паштоўкамі.

Нагадаем, у кастрычніку гэтага года Васьковіч з магілёўскай турмы № 4 быў пераведзены ў папраўчую калонію № 15 (якая таксама знаходзіцца ў Магілёве).

Цяперашні адрас Яўгена Васьковіча: 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша, 183 (5 км), Папраўчая калонія № 15, атрад № 13.