Клаўдыё Гуджэроцці: у крызіс шмат што знікае, толькі не любоў да Бога

Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці павіншаваў усіх беларусаў, якія святкуюць Божае Нараджэнне 25 снежня. Ён перадаў веруючым найлепшыя пажаданні на Раство.



gudzherotti.jpg

Клаўдыё Гуджэроцці

«У гэтыя дні, таксама і ў Беларусі, людзі баяцца магчымага паніжэння ўзроўню жыцця з-за складанай эканамічнай сітуацыі ў свеце і ў гэтым рэгіёне. Мы балюча адчуваем, што ўсё тое, што здавалася відавочным, штодзённым, не вартым вялікай увагі, можа знікнуць», — гаворыцца ў пасланні.

«Свята Божага Нараджэння запэўнівае ў тым, што верная любоў Бога ніколі не знікне», — адзначае арцыбіскуп.

«Ад імя Папы Францішка жадаю, каб увесь беларускі народ мог адчуваць камфорт і сілу быць любімым Богам і ў Яго рукі даручыў сваё жыццё і сваю будучыню», — пажадаў Клаўдыё Гуджэроцці.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у пастырскім пасланні адзначае: «Ва ўрачыстасць Божага Нараджэння мы становімся сведкамі таго, як Бог адорвае нас заўсёды актуальным падарункам, якім з’яўляецца ўцелаўлёны Божы Сын. Езус Хрыстус — гэта той дар, які ніколі не завяршаецца і працягваецца ў заўсёды актуальнай таямніцы ўцелаўлення Бога. У гэтым дары праяўляецца бязмежная любоў Бога да чалавека. Яна, як рэха, паўтараецца праз стагоддзі ў скіраваных да пастушкоў словах анёла: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан».

kondrusevich.jpg

Тадэвуш Кандрусевіч

Традыцыя абменьвацца каляднымі падарункамі існуе і ў наш час, і па магчымасці яе трэба падтрымліваць. Радуючыся з атрыманых падарункаў і засяроджваючы сваю ўвагу на матэрыяльных рэчах, мы адначасова павінны памятаць аб той любові, якой іншы чалавек такім чынам дзеліцца з намі, мяркуе Кандрусевіч.

«Нездарма Святы Айцец Францішак у галаву вугла служэння Касцёла ў сучасным свеце, у якім так шмат розных бедаў, няшчасцяў і трагедый, ставіць служэнне любові. Мы павінны дапамагаць патрабуючым матэрыяльна і духоўна, каб радасць Божай любові дасягнула і іх. Мы адказныя за тое, каб гэты дар быў даступны ўсім і каб усе з яго карысталіся», — зазначыў Кандрусевіч.

«Анёлы сказалі пастушкам: «Не бойцеся!». Сёння Касцёл паўтарае гэтыя словы: «Не бойцеся! Бог сёння нам дае свайго Сына, каб быў святлом, якое асвятляе нашыя складаныя жыццёвыя шляхі. Прымем Яго, каб на Яго Евангеллі будаваць наша жыццё». Толькі тады мы зможам стаць такімі, якім з’яўляецца Бог», — гаворыцца ў пасланні Кандрусевіча.

«Віншую ўсіх вас! Віншую іншых хрысціян, якія сёння з намі святкуюць свята Раства Хрыстова. Віншую праваслаўных і жадаю ім поспехаў у духоўнай падрыхтоўцы да Божага Нараджэння паводле Юліянскага календара! Нягледзячы на розніцу традыцый, мы аб’яднаныя адной праўдай аб уцелаўленні Сына Божага, як самага каштоўнага дару чалавецтву, і імкненнем да яго сведчання ў сучасным свеце, каб вылечыць яго ад існуючых духоўных паталогій. Віншую ўсіх людзей добрай волі! Езус — адзіны Збаўца свету, і таму наша свята супольнае. Няхай наша Бацькаўшчына стане яслямі, дзе заўсёды нараджаецца Хрыстус, каб Ён сваёй ласкай быў дарам кожнаму з нас. Беларусь, не бойся прыняць Хрыста, не бойся жыць Ягонай праўдай, бо ў Ім наша збаўленне, наша радасць, шчасце і надзея!», — кажа Кандрусевіч.

«Дзелячыся з усімі вамі традыцыйнай аплаткай, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн», — заключае ён.

Паводле catholic.by