У Мінск прывезлі Віфліемскі агонь (фотарэпартаж)
21 снежня ў мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі скаўты прынеслі з Гродна Віфліемскі агонь. Урачыстую цырымонію прыбыцця агню ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Пасля ўнясення агню ў катэдру распачалася святая Імша. Мітрапаліт адзначыў, што прынясенне перад Божым Нараджэннем Віфліемскага агню стала добрай традыцыяй. Ён распавёў, што Віфліемскі агонь называецца Святлом міру і з’яўляецца сімвалам цеплыні, любові, міру і надзеі.
Іерарх асабліва падкрэсліў, што раней падчас войноў на Божае Нараджэнне ваюючыя бакі аб’яўлялі перамір’е.
Жадаючыя вернікі маглі запаліць свае свечы і прынесці агонь з гораду, дзе нарадзіўся Збаўца, у свой дом.
Як паведамляла Крыніца, 17 снежні польскія харцары перадалі агонь ад Нязгаснай лампады ў
базіліцы Нараджэння Пана ў Віфліеме беларускім скаўтам, якія даставілі яго ў касцёл імя святога Францішка Ксаверыя ў Гродне.
Фота Надзеі Гацак, krynitsa.info