Юлію Гарачка асудзілі да года калоніі, аднак у судзе вызвалілі з-пад варты

Сёння, 16 сакавіка, суд прызнаў палітзняволеную Юлію Гарачка вінаватай, аднак яна была вызваленая з-пад варты па прычыне адбыцця пакарання.

Юлія Гарачка, Фота: relax.by

Юлія Гарачка, Фота: relax.by

У судзе Савецкага раёна Мінска 16 сакавіка вынесены прысуд па крымінальнай справе валанцёркі і актывісткі “Нашага Дому”, палітзняволенай Юліі Гарачка. Яе абвінавацілі ў "іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх" (ч. 2 арт. 342 КК РБ).

Справу разглядаў суддзя Сяргей Шаціла.

Юлію Гарачку затрымалі 14 ліпеня 2021 года, а на 18 ліпеня яна мела квіток на выезд за мяжу, адчувала, што неўзабаве затрымаюць.

Ноч Юля правяла ў РАУС, затым сем сутак на Акрэсціна. Пасля прад’яўлення абвінавачання да суда актывістку ўтрымлівалі ў СІЗА №1 Мінска.

Згодна з матэрыяламі абвінавачання, Юлія Гарачка са жніўня 2020 года па 14 ліпеня 2021 года, знаходзячыся як на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, так і за яе межамі, з дапамогай кампутарнай тэхнікі, мабільных прылад, маючы намер на падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў 2020–2021 гадах, у тым ліку ў горадзе Мінску, у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, з карыслівых меркаванняў, якія выявіліся ў асабістым узбагачэнні, дзейнічаючы сумесна і ўзгоднена групай асоб па папярэдняй змове, наўмысна, у мэтах выканання размешчаных на розных інтэрнэт-рэсурсах публічных заклікаў да актыўнага ўдзелу 9 жніўня 2020 года і ў наступныя дні ў масавых беспарадках на тэрыторыі г. Мінска, а таксама ў групавых дзеяннях, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады і пацягнуўшых парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, ажыццявіла падрыхтоўку не менш за 178 асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.


У судовым пасяджэнні абвінавачаная Гарачка віну ў інкрымінаваным ёй дзеянні прызнала.

Суд прызнаў Юлю Гарачка вінаватай, і на падставе ч. 2 арт. 342 КК ёй прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Прысудам суда залічаны ў тэрмін адбыцця пакарання час затрымання, а таксама час утрымання абвінавачанай пад вартай з разліку адпаведнасці аднаго дня затрымання і ўтрымання пад вартай паўтары дні пазбаўлення волі, у сувязі з чым пакаранне па сапраўднаму прысуду лічыцца адбытым.

Мера стрымання абвінавачанай у выглядзе заключэння пад варту змененая на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах, абвінавачаная вызваленая з-пад варты ў зале суда.

Мабільны тэлефон “Redmi”, ноўтбук “Microsoft”, ноўтбук “Lenovo”, планшэт "reMarkable", сканер "Plustek", якія належаць абвінавачванай, канфіскаваныя ва ўласнасць дзяржавы ў кошт спецыяльнай канфіскацыі маёмасці.