Яшчэ аднаму палітвязню ўдалося пакінуць Беларусь
Асуджаны на 2 гады «хіміі» палітвязень Андрэй Баранаў пакінуў Беларусь і знаходзіцца ў бяспецы, паведамляюць праваабаронцы.
22 лістапада 2021 года Андрэй Баранаў быў прызнаны вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве ў цэнтры Гродна 6 верасня 2020 года па ч. 1 арт. 342 КК. Яго адпусцілі ў зале суда.
Ён часткова прызнаў віну, пацвердзіўшы сваю прысутнасць на мерапрыемстве, але адкінуў астатнія абвінавачанні. Ён расказаў, што ў той дзень каля 14:00 быў на Савецкай плошчы ў Гродне, але хацеў зайсці ў краму. Ні адзін са сведкаў у судзе не пацвердзіў, што бачыў мужчыну.
Справу разглядала суддзя Маргарыта Ланцэвіч, дзяржабвінавачанне прадстаўляла пракурорка Ганна Кароль.
Адзначаецца, што раней, 3 лістапада 2020 года, суд прысудзіў мужчыну да шасці сутак адміністрацыйнага арышту паводле таго ж эпізоду.