Каля 9 тысяч маладых ваеннаслужачых беларускай арміі прыведзены да Ваеннай прысягі

13 снежня 2014 ў злучэннях і воінскіх часцях Узброеных сіл Беларусі прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя прыняццю Ваеннай прысягі новым папаўненнем. У іх удзельнічалі прадстаўнікі Міністэрства абароны, мясцовых органаў улады, грамадскіх арганізацый, ветэраны, родныя і блізкія вайскоўцаў, прызваных у шэрагі беларускай арміі для праходжання тэрміновай ваеннай службы і службы ў рэзерве.



prysiaha1.jpg

Як паведамляе прэс-служба Мінабароны, да прысягі прыведзена каля 9 тысяч ваеннаслужачых (2 тысячы з іх прызваны на службу ў рэзерве).
Міністр абароны генерал-маёр Андрэй Раўкоў прыняў удзел у цырымоніі прыняцця Ваеннай прысягі ў 74-м асобным палку сувязі (Гродна). Тут да прысягі прыведзены вайскоўцы Гарадзенскага гарнізона (74-га асобнага палка сувязі, 557-й інжынернай брыгады, 6-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады, 250-га асобнага батальёна аховы і абслугоўвання) — усяго больш за 260 чалавек.
У Брэсцкім гарнізоне ўрачыстасці прайшлі з удзелам начальніка Генеральнага штаба ВС — першага намесніка міністра абароны генерал-маёра Алега Белаконева на плошчы цырыманіялаў у мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць — герой». Тут клятву на вернасць Радзіме прынеслі каля 800 чалавек — ваеннаслужачых 38-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады, 111-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады, 115-га зенітнага ракетнага палка, 1199-га рэактыўнага палка, 48-га асобнага батальёна радыёэлектроннай барацьбы.
У 72-м гвардзейскім Аб'яднаным навучальным цэнтры падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў Ваенную прысягу прынялі больш за 1.700 ваеннаслужачых, прызначаных для камплектавання 6-й, 19-й, 120-й гвардзейскіх асобных механізаваных брыгад Заходняга і Паўночна-заходняга аператыўных камандаванняў.
Пасля заканчэння ўрачыстых мерапрыемстваў вайскоўцы новага папаўнення пабывалі ў першым у іх ваенным жыцці звальненні.
БелаПАН