Камбайны замест бяроз: у Гомелі пры падрыхтоўцы да выставы высеклі дрэвы
Жыхары «Старога аэрадрома» паведамляюць, што напярэдадні адкрыцця выставы-кірмашу «Вясна 2018» каля манежа «Дынама» было спілавана каля дзясятка прыгожых бяроз.
Дрэвы знеслі так хутка, што ніхто з жыхароў не паспеў нічога распачаць. Бярозы раслі на зоне агульнага азелянення з адваротнага боку дамоў № 15 і 17 па вуліцы Юбілейнай. Насупраць знаходзіцца лёгкаатлетычны манеж, дзе ў мінулыя выходныя праходзіла выстава прадукцыі прадпрыемстваў Гомельскай вобласці. На вуліцы Юбілейнай каля манежа была размешчана сельгастэхніка ад ААТ «Гомсельмаш», холдынгу «Амкадор», заводаў з Мазыра, Жлобіна, Калінкавічаў, «Гомельагракамплект» і гэтак далей. Жыхары мяркуюць, што дрэвы былі зрэзаныя для таго, каб не перашкаджаць агляду выставачнай тэхнікі.
Цяпер нават пні ад бяроз выкарчавалі, і на зялёным лужку засталіся толькі шэрыя плямы зямлі. Падрыхтоўка да выставы ішла вельмі старанна — сярод іншага, былі пафарбаваныя каналізацыйныя люкі, фарбай пакрылі і спілаваныя раней верхавіны дрэў.
Відавочна, што падобнага роду мерапрыемствы маюць важнае значэнне для эканомікі вобласці. «Аднак навошта пры гэтым знішчаць бярозы?» — задаюць пытанне жыхары.
Паводле gomel.today