Гомель: чалавечнасць перамагла
Як паведамляе naviny.by,
у доме №18 па вул Народнага Апалчэння ў Гомелі ўрэшце быў усталяваны
электрычны пад'ёмнік для інваліда-вазочніка Андрэя Антоненка. І сёння ж з
ягонай дапамогай Андрэй выйшаў на вуліцу.
27-гадовы Андрэй Антоненка і ягоная сям'я некалькі год дабіваліся ўсталявання прылады, якая дапамагла б мужчыне трапіць на вуліцу. Пераадолеўшы бюракратычныя перашкоды, яны сутыкнуліся з тым што усе жыльцы дома адзінагалосна выступілі супраць будаўніцтва пад'ёмніка. Тады мясцовыя ўлады ініцыявалі другі сход, на якім з 38 жыхароў дома толькі 22 выказаліся за будаўніцтва — чаго ізноў было недастаткова. Жыхары тлумачылі сваё рашэнне тым, што ім будзе цесна ў пад'ездзе, ад пад'ёмніка будзе шум, могуць узнікнуць праблемы пры пераносцы мэблі і гэтак далей. Тлумачэнні спецыялістаў і заклікі адміністрацыі не дапамагалі.
Толькі пасля таго як загадчык кааператыва, прадстаўнікі адміністрацыі раёна і сям'я Антоненка зрабілі пакватэрны абыход, усталёўку пад'ёмніка атрымалася легалізаваць.
"Рады, што пытанне вырашылася станоўча. Пад'емнік сучасны, нікому не замінае", — пракаментаваў Андрэй Антоненка.
"Эмоцыі станоўчыя. Сёння ў нас свята. Мы з'ехалі з Андрэям і падняліся — вельмі зручна. Платформа нікому не замінае, яна не стварае праблем жыхарам, я думаю, яны ўжо пераканаліся ў гэтым. Уся гісторыя, можа, таго не была вартая, паспрабуем на ўсё гэта забыцца і далей будзем жыць на пазітыве", — выказалася Тамара Антоненка.