У Бабруйску вазочнікі змагаюцца з дыскрымінацыяй

Як паводзіць сябе з людзьмі ў інвалідных вазках? Ці трэба ім дапамагаць? І як гэта рабіць? Яны самі распавядаюць пра тое, пра што нам сорамна ў іх спытаць.

p5248004.jpg


Зламаўся пазваночнік, але не зламалася жыццё


Пасля таго, як Беларусь далучылася да Канвенцыі ААН па правах людзей з інваліднасцю, у шэрагу гарадоў краіны стартавала кампанія “Павестка 50”, якая дапамагае рэалізаваць палажэнні дакумента на практыцы ў мясцовых супольнасцях. У Бабруйску гэтаму садзейнічаюць адразу тры праекта, адзін з іх называецца “Спытай мяне”. Яго мэта – змяніць стаўленне бабруйчан да людзей, што перамяшчаюцца пры дапамозе інвалідных вазкоў. У рамках праекта запланавана, перадусім, асветніцкая праца: на цэнтральных вуліцах горада развесілі банеры з вазочнікамі, якія займаюцца спортам, кіруюць аўтамабілямі, жывуць актыўным жыццём. Буклеты з інфармацыяй пра тое, як паводзіць сябе з вазочнікамі, можна знайсці ў дзяржаўных установах, школах, грамадскім транспарце. Але ніякія буклеты не заменяць жывых сустрэч з людзьмі, якія самі – шчыра і з гумарам – распавядаюць пра тое, як з імі трэба абыходзіцца. На адной з такіх сустрэч пабывала карэспандэнт Службы інфармацыі “ЕўраБеларусі”.

На кожным занятку — аншлаг. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".

На кожным занятку — аншлаг. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".

 – Людзям не хапае асветы адносна вазочнікаў. Я сама сутыкалася з такім стаўленнем, што часам думаюць, калі ў цябе не працуюць ногі, то не працуе і галава, – распавядае адна з арганізатарак праекта Лілія Ламаносава, старшыня Бабруйскай аб’яднанай арганізацыі ГА “Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў”.
Таму праект – гэта магчымасць распавесці ўсім, што людзі на інвалідных вазках – такія ж, як усе іншыя. Яны гэтак жа сама жывуць, працуюць, заводзяць сем’і і сутыкаюцца з усімі тымі праблемамі, што і звычайныя людзі. Але часам грамадства іх проста не ўспрымае.
– Мы хочам, каб да нас ставіліся, як да роўных, каб нас успрымалі не інвалідамі, а перадусім – людзьмі. Зламаўся пазваночнік, але не зламалася жыццё, – гаворыць Лілія.

Лілія Ламаносава. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".

Лілія Ламаносава. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".


Жанчына прызнаецца, што раней не ведала, як трэба ўзаемадзейнічаць з людзьмі на вазках. І зразумела гэта, толькі калі сама апынулася сярод іх.
А для загадчыцы аддзялення дзённага знаходжання людзей з інваліднасцю ТЦСАН Першамайскага раёна Бабруйска Марыі Капусцінай праект, які яна рэалізуе разам з Ліліяй, стаўся ў пэўным сэнсе спосабам уз’яднання сям’і. Траюрадны брат Марыі ў юнацтве атрымаў траўму і аказаўся ў інвалідным вазку.
– З тых часоў мы з ім не кантактавалі. Я не ведаю, чаму. Я думала: “Як цяпер з ім размаўляць? Ці будзе гэта нармальным?” І ён са свайго боку не быў упэўнены, ці яго разумеюць і прымаюць у новым стане. І мы выпадкова сустрэліся з ім на турзлёце для людзей у вазках і наноў пазнаёміліся, – распавядае Марыя.

Марыя Капусціна. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".

Марыя Капусціна. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".



Працуюць, вандруюць, кахаюць


Першая частка занятка была прысвечана расповеду пра тое, як жывуць людзі з інваліднасцю. Яны самі агучвалі свае гісторыі, і рабілі гэта з такой шчырасцю і гумарам, што ўсялякая няёмкасць у прысутных, нават калі і была, то знікла сама сабой.
– Я “паламаўся” ў 21 год, – кажа Канстанцін. – Але ніякай дэпрэсіі ў мяне не было. Я сам стаў выцягваць сябе, выходзіць на вуліцу, далучыўся да асацыяцыі вазочнікаў, стаў шукаць працу. У 2006 годзе купіў сабе машыну, вандрую па Еўропе – дома не магу сядзець.

Канстанцін. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".

Канстанцін. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".

 Павел траўмаваўся 3,5 гады таму. Цяпер ён называе сябе “хатнім гаспадаром”, але без справы дома не сядзіць: выхоўвае траіх дзяцей і займаецца спортам.

Павел. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".

Павел. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".


Сяргей, брат Марыі, ужо быўшы ў вазку ажаніўся і стаў бацькам.

Сяргей і муж Ліліі Ламаносавай Якаў. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".

Сяргей і муж Ліліі Ламаносавай Якаў. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".


Вольга атрымала траўму ў 25 год. Праз 1,5 года пасля гэтага развялася з мужам. Але жанчына не паставіла на сабе крыж, стала шукаць занятак. У сацсетках пазнаёмілася са сваім будучым начальнікам – Аляксандрам Макарчуком, які сам цалкам паралізаваны і кіруе камп’ютарам пры дапамозе галасавой праграмы. У яго свой адукацыйны анлайн-праект для людзей з інваліднасцю, таксама ён стварыў кампанію па наборы персанала, куды запрасіў Вольгу. Дарэчы, у Бабруйск яна перабралася выпадкова: сустрэла тут каханага, які таксама перамяшчаецца пры дапамозе вазка.

Вольга. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".

Вольга. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".

Гісторыя кахання пасля траўмы здарылася і з Ліліяй Ламаносавай ды яе мужам Якавам. Яны пабраліся шлюбам, калі абодва ўжо былі ў вазках. Сужэнцы жывуць самастойна, працуюць, ездзяць на аўтамабілі.

Што можна і чаго нельга


Як жа паводзіць сябе пры сустрчы з чалавекам у інвалідным вазку? Удзельнікі сустрэчы распавялі пра гэта на прыкладзе ўласных гісторый. Паводле іх словаў, нярэдка дапамога без папярэджання, няхай нават і з самымі добрымі намерамі, заканчваецца падзеннем з вазка. Таму першае і самае галоўнае правіла – задаваць пытанні. Прычым звяртацца трэба не да асобы, якая суправаджае, а непасрэдна да вазочніка.
Не варта дакранацца да вазка і, калі ён ёсць, да століка, спалучанага з ім – гэта частка асабістай прасторы чалавека, ён можа ўспрыняць гэта як парушэнне асабістых межаў. Недапушчальна таксама качаць нагой кола вазка і гладзіць па галаве самога вазочніка са словамі спачування – здавалася б, і да звычайнага чалавека на вуліцы лезці з гэткімі праявамі шкадавання непрыстойна, але ж і такое здараецца.

Аповед інструктара дапаўнялі асабістыя гісторыі вазочнікаў. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".

Аповед інструктара дапаўнялі асабістыя гісторыі вазочнікаў. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".

А вось што трэба – дык гэта расслабіцца.
– Калі чалавек у вазку бачыць ваш дыскамфорт, ён таксама пачынае яго адчуваць, – дзеліцца простымі ісцінамі Марыя Капусціна.

Для сябе і будучых пакаленняў


Заняткі праекта “Спытай мяне” аказаліся папулярнымі сярод бабруйчан. На першы прыйшло 68 чалавек, на другі – 50, на трэці – таксама больш за 60. Арганізатары прызнаюцца, што самі не чакалі такога. Сярод прысутных большасць – прадстаўнікі сацыяльных і медыцынскіх устаноў. Хтосьці прыйшоў праз прафесійны інтарэс, а хтосьці плануе перадаць атрыманыя веды сваім дзецям.

Супольнасць валеолагаў. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".

Супольнасць валеолагаў. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".

– У арганізацыях аховы здароўя мы сутыкаемся з людзьмі з інваліднасцю, і часам адчуваем сябе некамфортна, думаем, як іх не пакрыўдзіць, бо хочацца пабудаваць стасункі на роўных, – прызнаецца інструктар-валеолаг Бабруйскай цэнтральнай бальніцы Святлана Агароднік.
– Гэта вельмі патрэбна новым пакаленням, якія, часам, не ведаюць элементарных правіл этыкету, – дзеліцца ўражаннямі ад занятку сама яшчэ маладая жанчына, інструктар-валеолаг Бабруйскага раддома Уладзіслава Абузарава-Дабрынская.Наша будучыня залежыць ад пакалення, якое падрастае. Тое, што мы дадзім яму, што мы ў яго ўкладзем, тое і атрымаем.

Адзін з білбордаў, што з'явіліся на вуліцах Бабруйска ў межах праекта "Спытай мяне". Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".

Адзін з білбордаў, што з'явіліся на вуліцах Бабруйска ў межах праекта "Спытай мяне". Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".


Яўгенія Бурштын, eurobelarus.info