Гомель: цэнтр горада пераўтвараецца ў спальны раён

Гомель у цэнтры горада пераўтвараецца ў спальны раён. Так гавораць гомельцы пра вуліцу Валатаўская, якая пазбавілася ўнікальных драўляных пабудоў. Гарадскія ўлады вырашылі разбурыць будынкі ХІХ стагоддзя. На месцы былых драўляных сядзіб з’явіліся шматпавярховікі.

dom_2.png

Жыхары Гомеля ўзгадваюць, якім быў ранейшы цэнтр горада.
— Валатаўская, я проста там жыву і не магу ў той бок глядзець, бо мне вельмі балюча. Там будпляцоўка і панэлька. Людзі жылі, можа не ў найлепшых умовах, але гэта было прыгожа. А цяпер гэта проста нешта бязлікае, нават дрэвы ўсе павысякалі.
— Падабаліся гэтыя дамкі. Нейкая своеасаблівая атмасфера была. Бяздумна ўсё гэта.
— Наша праблема ў тым, што мы чамусьці саромеемся сваёй гісторыі.
Сярод разбураных дамоў – сядзіба 1910 года пабудовы па адрасе Валатаўская, 22, якая да рэвалюцыі належала буйному лесапрамыслоўцу. Унучка апошняга гаспадара дома Ірына Мяжэйнікава ўзгадвае ўнікальнае аздабленне дома.
— Вельмі балюча, бо нават калі распавядаеш аднагрупнікам і здавалася б, усе разумеюць гістарычную каштоўнасць архітэктуры. У нейкі момант уважліва слухаючыя вочы, а потым фраза: а еўрарамонт там быў? Ты адказваеш: які еўрарамонт, арыгінальнае аздабленне: ляпніна на столі. А, ну тады нічога страшнага. І ўсе размовы пра сто дзесяць гадоў ужо не маюць значэння на фоне таго, што еўрарамонту не было.
У пачатку ХХ стагоддзя 90% пабудоваў у Гомелі былі драўлянымі. Адметнасць гэтай архітэктуры – яскравая драўляная разьба.
Паводле Радыё Рацыя