«Купалаўцы» прадставяць беларускамоўную версію рамана «1984»

«Купалаўцы» прадставяць на YouTube першую версію рамана Джорджа Оруэла «1984» на беларускай мове ў аўдыяфармаце. Гэта трылогія, таму ісці яна будзе тры вечары — 19, 20 і 21 снежня, паведамляе «Еўрарадыё».

Купалаўцы падчас запісу праекта

Купалаўцы падчас запісу праекта


«У дзевяностыя я ўпершыню сутыкнуўся з раманам Джорджа Оруэла "1984". Менавіта па-беларуску. Тады я з палёгкаю ўспрымаў гэта як мажлівую, але не ўмацаваную ў правах мінуўшчыну. Апошнія некалькі гадоў, яшчэ да 2020, я толькі гэты раман і круціў у галаве. Можа, гэта і ёсць праца майго жыцця.
Колькасць пачварных супадзенняў з рэчаіснасцю выбешвае, разбурае знутры, і разам з гэтым заклікае інстынкт самазахавання казаць гучнае "не"», — распавёў Алег Гарбуз, выканаўца, рэжысёр і рэдактар праекта.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года вялікая частка трупы Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы падтрымала пратэсты і выступіла супраць гвалту. Яны сышлі ўслед за дырэктарам тэатра Паўлам Латушкам, але працягнулі працаваць. За год выпусцілі некалькі відэапастановак. Яны апублікавалі іх на YouTube-канале. Там жа 13 студзеня — пад Стары Новы год — можна будзе ўбачыць і прэм'еру іх новага спектакля — «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» па аднайменным рамане Сяргея Пясецкага.