Купалаўка Крысціна Дробыш: «Мяне больш няма ў Беларусі»

Артыстка тэатральнай трупы «Купалаўцы» Крысціна Дробыш распавяла ў сваім «Фэйсбуку» пра немагчымасць працаваць на радзіме і ад’езд.

y9hi8br6fukonpo34busb7b45hcj9h43.jpg

«490 дзён я спадзявалася, што мне не давядзецца гэта пісаць. Напэўна, прыйшоў час сказаць гэта ўслых.

Мяне больш няма ў Беларусі. Фармальна я ў ёй ёсць, але ўжо не фізічна. Я не буду апісваць усю цяжкасць такога рашэння, якое далося мне не адразу, і толькі самым блізкім вядома, якімі высілкамі. Усе, хто хоць на хвілінку дапускаў думку пра тое, каб пакінуць дом, і тыя, хто гэта вымушаны быў зрабіць, разумеюць выдатна.

Я не буду апавядаць пра ступень немагчымасці асэнсаваць тое, што адбываецца дома. Мае чалавечыя рэсурсы ў нейкі момант проста развіталіся са мной. Я зразумела, што калі працягну так, то згару хутчэй, чым мой сын паспее вырасці. За апошнія 490 дзён я аддала усё, што ў мяне было, акрамя аднаго — маёй фізічнай свабоды.

Са мной забаронена працаваць на радзіме. Хтосьці і сам баіцца супрацоўнічаць, хтосьці проста знікае. Часцей за ўсё нічога нават не тлумачачы. Не асуджаю і бясконца ўдзячная тым, хто дагэтуль застаецца побач. Часам адчуванне, што краіна пражавала мяне і выплюнула. Але я мацней, чым выглядаю. У мяне ёсць я, і гэта ўжо шмат. Кажучы словамі аднаго мудрага чалавека, я працую і жыву ў Беларусі, толькі не фізічна. Не маю ні злосці, ні расчаравання. Як заўсёды бясконца веру ў людзей.

Была, застаюся і буду Купалаўцам. Буду рабіць і надалей тое, што магу і ўмею, пакуль хопіць сілаў».

budzma.org