Леанід Кулакоў адсудзіў у Савоставай 500 рублёў
Актывіст патрабаваў 120 000 рублёў кампенсацыі за наезд на яго і пашкоджанне рукі ля рэстарацыі «Поедем поедим».
У Першамайскім судзе Мінска 30 ліпеня завяршыўся разгляд справы па іску актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Леаніда Кулакова да Златы Савоставай, якая 27 чэрвеня 2018 года каля рэстарана «Поедем поедим» на сваім аўтамабілі наехала на Кулакова і пашкодзіла яму руку. Працэс вяла суддзя Петух.
Вытворчасць аднавілі ў сувязі з тым, што была праведзена экспертыза, якая павінна даць адказ на пытанне, ці быў у Кулакова ў выніку наезда пералом рукі. Нагадаем, пасля здарэння актывіста шпіталізавалі, паставілі дыягназ – пералом, і ён амаль два месяцы хадзіў у гіпсе. Аднак раней судмедэксперт заяўляў, што ніякага пералому ў Ленаіда Кулакова не было. Каб вызначыць, што насамрэч было з рукой, вырашылі правесці экспертызу, на якую збіралі грошы талакой. Але і гэтая экспертыза не праліла святло на сітуацыю. У ёй сказана, што ў Кулакова ўвогуле быў пералом плечавой косткі, хаця ён ніколі яе не ламаў.
Адказчыка Злату Савоставу на пасяджэнні прадстаўляла яе бабуля Надзея Міхайлаўна, другім адказчыкам была маці Златы, Святлана.
Леанід Кулакоў заявіў хадайніцтва аб прызнанні сваім прадстаўніком Генадзя Фядыніча замест Юрыя Белякова, які сыйшоў у адпачынак. Суддзя хадайніцта задаволіла. Таксама Кулакоў прапанаваў запрасіць у судовае пасяджэнне дактароў Паўлоўскага і Нагорскага, якія ставілі яму дыягназы. Хадайніцтва адхілілі, паколькі ўжо праводзіліся экспертызы і дактароў дапытвалі ў судзе. Апроч гэтага Леанід Кулакоў хадайнічаў аб дазволу фота- і відэаздымкі, але адказчыкі былі катэгарычна супраць. Суддзя здымку забараніла.
У сваю чаргу Святлана Савостава перадала хадайніцтва ад сваёй дачкі. Гэта пісьмовыя матэрыялы, сярод якіх – апошняе слова Златы і характарыстыка істца, «узятая з інтэрнэту». Хадайніцтва задаволілі.
Таксама Генадзю Фядынічу дазволілі азнаёміцца з матэрыяламі справы, нягледзячы на пратэсты адказчыкаў. Суддзя дала на азнаямленне з дакументамі 20 хвілін.
Пасля перапынку суддзя нагадала, што Кулакоў запатрабаваў спагнаць са Златы Савоставай 120 000 рублёў за прычыненне шкоды. Леанід Кулакоў адзначыў, што спрабаваў вырашыць спрэчку мірна, але не атрымалася. Адказчыкі іскавыя патрабаванні не прызнаюць.
Леанід Кулакоў распавёў, што, пасля накладання гіпсу, рука пастаянна ныла і страляла, ён не мог спаць па начах і нічога рабіць. Праз пашкоджанне ён мусіў адмовіцца ад прапановы працы. Апроч таго ён не мог спраўляцца з побытам. Пасля таго, як знялі гіпс, актывіст прайшоў курс фізіяпрацэдур і масажу, распрацоўваў руку, але яна не пераставала балець. Выявілася, што ў яго засталося посттраўматычнае пашкоджанне – зашчамленне лакцявога нерва. Цяпер рука ў Кулакова працягвае балець і не згібаецца.
– Мне паставілі дыягназ пералом лучавой косткі, але эксперт чамусьці піша – плечавая костка, – звяртае ўвагу Кулакоў на разыходжанні ў экспертызах.
Генадзь Фядыніч звярнуў увагу суда, што праз траўму Кулакоў не можа знайсці сабе працу. Апроч таго ён лічыць, што першы дыягназ – пералом, пастаўлены Кулакову ў 6-ай бальніцы, не можа быць памылковым.
– З якога году не працуе Кулакоў? – задала пытанне Святлана Савостава. І дадала: – Ён не працуе з 1917 года.
Гэта выклікала смех у зале, і адказчыца паправілася: з 2017-га, і не праз траўму, а «праз свае паводзіны».Да слова, Святлана Савостава таксама не працуе ўжо чатыры гады. Пры гэтым яна ўтрымлівае прытулак для бадзяжных жывёл, мае ва ўласнасці аўтамабіль і домаўладанне.
Адказчыца заявіла, што не бачыла, як Кулакоў упаў пасля наезду (нагадаем, аўтамабіль, у якім яна знаходзілася разам з дачкой, з’ехаў з месца здарэння), і зразумела, што здарылася, толькі пасля таго, як іх спынілі супрацоўнікі ДАІ. На пытанне суддзі, якія захады па залагоджванні сітуацыі яна прадпрымала, яна адказала, што папрасіла прабачэння ўжо падчас разгляду справы і прапанавала кампенсацыю, памер якой павінен вызначыць суд.
Бабуля Златы Савоставай Надзея Міхайлаўна настойвае, што ў Кулакова не было пералому, і ён перабольшвае свае пакуты. Яна сцвярджае, што Кулакоў званіў яе ўнучцы і «вымагаў» спачатку 60 тысяч долараў, потым 6 тысяч, потым 5. Ісцец абвяргае: ён ніколі не казаў пра 60 тысяч долараў.
– Я часта гляджу па «Белсаце» – яго там паказваюць, як зорку. Не можа працу знайсці – ідзі вартаўніком працуй! – заявіла прадстаўніца адказчыцы.
Генадзь Фядыніч хадайнічаў аб далучэнні да матэрыялаў справы заключэння неўрапатолага, дзе пазначана, што ў Кулакова быў пералом лучавой косткі. Хадайніцтва задаволілі.
Суд перайшоў да спрэчак бакоў.
– Быў адмысловы наезд, здзейснены са смехам – гэта бачылі ўсе, хто стаяў на варце каля Курапатаў. У іншых краінах гэта называецца тэракт. А ў нас гэта атрымліваецца – у парадку рэчаў, – сказаў Кулакоў.
Генадзь Фядыніч настойвае, што праз траўму Кулакоў не пройдзе медкамісію для працаўладкавання і просіць суд вынесці справядлівае рашэнне і задаволіць іск.
Святлана Савостава выступаць у спрэчках адмовілася.
– Кулакоў схіляецца да таго, каб займець інваліднасць і потым атрымліваць ад Златы дапамогу па інваліднасці. Ён аферыст, – пераканана прадстаўніца другой адказчыцы.
Пасля чарговага перапынку суддзя агучыла рашэнне: спагнаць са Святланы Савоставай маральную кампенсацыю ў памеры 500 рублёў, 34 рублі 93 капейкі за экспертызу, а таксама 76 рублёў 50 капеек дзяржмыта.