Лех Валенса: «Вашы пакуты прынясуць плён — так што вытрымайце яшчэ трохі»
Сёння адзначаецца Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. У гэты дзень у 2011 годзе быў першы раз арыштаваны ў межах крымінальнай справы старшыня і заснавальнік Праваабарончага цэнтра "Вясна", лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.
Нягледзячы на вызваленне Алеся ў 2014 годзе, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці заявілі, што не збіраюцца адмаўляцца ад правядзення Дня салідарнасці:
«Будзем адзначаць гэты дзень штогод да таго часу, пакуль становішча грамадзянскай супольнасці ў Беларусі не зменіцца, пакуль у краіне не перастануць саджаць у турму за праваабарончую дзейнасць і пакуль у ёй не будуць гарантаваныя фундаментальныя свабоды».
У гэтым годзе Алесь Бяляцкі зноў сустракае Дзень салідарнасці за кратамі.
Праз дзесяць гадоў яго зноў затрымалі за праваабарончую дзейнасць і асудзілі па надуманных абвінавачваннях.
Гэтая сітуацыя яскрава паказвае, што палітыка рэжыма Лукашэнкі па знішчэнні грамадзянскай супольнасці Беларусі адбывалася на працягу ўсяго яго існавання, а ў апошнія гады сітуацыя стала катастрафічнай.
Цяпер за кратамі за сваю дзейнасць утрымліваюцца пяць праваабаронцаў і валанцёраў "Вясны", дзясяткі грамадскіх і прафсаюзных актывістаў, больш за 850 некамерцыйных арганізацый знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі.
Па просьбе Праваабарончага цэнтра "Вясна" ў Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі са зваротам да беларусаў звярнуўся Лех Валенса, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру за падтрымку рабочага руху і барацьбу за правы чалавека ў 1983 годзе, адзін з заснавальнікаў і лідар грамадскага руху "Салідарнасць", былы прэзідэнт Польшчы ў 1990–1995 гадах.
— Шаноўнае спадарства,
нам прыйшло жыць, калі мяняюцца эпохі. Людзі змагаюцца за гэтую новую эпоху, але старая абараняе сябе.
Многія людзі сёння пакутуюць у турмах і рознымі іншымі спосабамі. Я таксама прайшоў праз гэта ў былыя часы. Я гэта разумею. Падбадзёрваю, такія прыклады патрэбныя.
Вашы пакуты прынясуць плён. Так што вытрымайце яшчэ трохі. І свет будзе заўважаць вашу адданасць усё больш і больш. І ён усё больш і больш заўважае, што вы знаходзіцеся на правільным баку.
Прыйдзе дзень — свабода для вас, справядлівасць і мір для свету. Я ў гэта веру, я за гэта змагаўся.
Я сёння менш пакутую, а вы больш пакутуеце. Але я памятаю пра вас. Я памятаю. Я буду рабіць усё, каб паскорыць гэтыя вызваленчыя працэсы. Дзякуй!