Лекар Арцём Сарокін плануе вярнуцца на працу праз тыдзень. Калегі вельмі яго чакаюць
Роўна тыдзень таму анестэзіёлага БХМД Арцёма Сарокіна вызвалілі ў зале суда — яго прызналі вінаватым у разгалошванні медыцынскай таямніцы і прысудзілі да двух гадоў калоніі з адтэрміноўкай на год. Цяпер лекар знаходзіцца дома: ён узяў адпачынак за свой кошт, каб прыйсці ў сябе і пабыць з сям'ёй. Да працы Арцём Сарокін плануе вярнуцца 16 сакавіка, распавялі TUT.BY яго калегі. З-за крымінальнай справы ён больш за тры месяцы быў пазбаўлены магчымасці працаваць з пацыентамі.
![sud_borisevich_20210302_z_tutby_1850.jpg sud_borisevich_20210302_z_tutby_1850.jpg](/img/v1/images/sud_borisevich_20210302_z_tutby_1850.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
2 сакавіка лекара-анестэзіёлага Арцёма Сарокіна вызвалілі ў
зале суда. Суд Маскоўскага раёна Мінска прызнаў яго вінаватым у разгалошванні
медыцынскай таямніцы і прызначыў у якасці пакарання два гады калоніі, але з
адтэрміноўкай на год. Гэта значыць, што доктар будзе на волі і праз год — калі
ён не зробіць ніякіх правапарушэнняў, пакаранне будзе знятае.
Зараз Арцём Сарокін знаходзіцца дома, разам з сям'ёй. Паводле слоў жонкі Наталлі, ён напісаў заяву на адпачынак за свой кошт. Да працы
доктар плануе прыступіць 16 сакавіка. На дадзены момант лекар знаходзіцца пад
падпіскай аб нявыездзе. З 19 лістапада 2020 года ён знаходзіўся пад вартай.
Спярша ў СІЗА КДБ, затым — у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
— Рыхтуемся сустракаць Арцёма ў бальніцы. Яго чакаем не
толькі мы, але і калегі з суседніх аддзяленняў. Перадаюць яму прывітанні і
жадаюць хутчэйшай сустрэчы ў аперацыйнай, — распавядае лекар аддзялення
анестэзіялогіі БХМД ў Мінску.
Прысуд Арцём Сарокін вырашыў не абскарджваць.
Суд над урачом Мінскай БХМД Арцёмам Сарокіным і журналісткай
TUT.BY Кацярынай Барысевіч, якіх абвінавачвалі ў разгалошванні медыцынскай таямніцы
аб стане загінулага Рамана Бандарэнкі, праходзіў у закрытым рэжыме і працягваўся шэсць дзён. 2 сакавіка быў абвешчаны прысуд: лекару — два гады калоніі з
адтэрміноўкай на год, журналістцы — паўгода калоніі. Яна застаецца ў СІЗА.
Крымінальную справу ў дачыненні да іх распачалі 19 лістапада
2020 года. Нагадаем, 13 лістапада за
аўтарствам Кацярыны Барысевіч выйшаў артыкул, у якім са спасылкай на
медыцынскія дакументы і каментар лекара сцвярджалася, што ў крыві Рамана
Бандарэнкі не было выяўлена этанолу. Першыя асобы краіны заяўлялі, што памерлы
хлопец быў п'яны.
Арцём Сарокін — анестэзіёлаг БХМД, лекар вышэйшай катэгорыі,
бацька траіх дзяцей. Яму 37 гадоў. Калегі адклікаюцца аб ім як аб прафесіянале,
які ўмее праводзіць любыя віды аперацый. Менавіта ён працаваў у тую ноч, калі ў
бальніцу прывезлі збітага Рамана Бандарэнка, і аказваў яму анестэзіялагічную дапамогу.