Лета ў Курапатах
Гэты тыдзень пачнецца з судоў над абаронцамі Курапат Паўлам Севярынцам і Дзянісам Урбановічам. Збіты 14 ліпеня супрацоўнікамі рэстарана «Поедем поедим» Максім Вінярскі ўжо адбывае 10 сутак на Акрэсціна.
Абаронцы Курапатаў мяркуюць, што суткі замест штрафу, як Анатолю Лябедзьку, Вінярскаму прысудзілі ў тым ліку і за тое, што ён не прыйшоў ў суд. Пратэстоўцы спадзяюцца, што калі Павел і Дзяніс з’явяцца на судовых паседжаннях, то абыйдзецца штрафамі.
Але магчыма, што пачалася новая хваля «пасадак», каб аслабіць вахту. Усё ж Анатоль Лябедзька, які атрымаў штраф за арганізацыю прэс-канферэнцыі ў Курапатах, не тое каб вельмі часта і паадоўгу там бывае. А Максім Вінярскі, Павел Севярынец і Дзяніс Урбановіч – адны з асноўных абаронцаў. Мінулым разам, на пачатку ліпеня, калі яны знаходзіліся за кратамі адначасова з Вольгай Мікалайчык, Наталляй Басалыгай і Аляксеем Туровічам, варта працягвалася. Хутчэй за ўсё, так будзе і цяпер. Праўда, усё часцей па некалькі гадзін ля брамы рэстарана знаходзіцца ўсяго па адным-два абаронцы.
Тым часам наведвальнікі «Поедем поедим» становяцца ўсё больш агрэсіўнымі: абражаюць удзельнікаў вахты, мацюгаюцца, спрабуюць ужываць фізічную сілу. Ім пакуль, канечне, далёка да супрацоўнікаў рэстарана, што 14 ліпеня збілі Максіма Вінярскага нагамі, пакінулі на целе Маі Навумавай гематомы (што засведчыла судмедэкспертыза), паламалі тронкі ад сцягоў і разбілі аднаму з абаронцаў акуляры. Але ўлічваючы беспакаранасць наведвальнікаў эскалацыя канфлікта можа адбыцца ў любы дзень. Напрыклад, 4 жніўня малады мужчына наўмысна наступіў на здаровую правую руку Леаніда Кулакова, які ў гэты час ляжаў на посцілцы, замінаючы яго машыне праехаць. Левая рука ў Леаніда ў гіпсе і зрастаецца кепска. Фактычна, мог бы быць другі пералом. Выкліканая міліцыя звычайна складае пратаколы толькі на абаронцаў, нават толкам не разбіраючыся ў абставінах. Нядаўна чарговы пратакол на Леаніда Кулакова склалі за тое, што той нібыта замінаў праехаць машыне, у той час як ён размаўляў убаку з іншым наведвальнікам. Абурыўся нават кіроўца, але супрацоўнік ДАІ Міхаіл Кур’яновіч, ужо пачаўшы запаўняць паперу, вырашыў працягнуць. Праўда, за гэты пратакол Леанід атрымаў папярэджванне, а не штраф.
З месяц таму мы задаваліся пытаннем “Ці вырасце ў Курапатах беларуская «Салідарнасць»"? Судзячы па тым, што вахта працягваецца, салідарнасць пратэстоўцаў і праўда расце, складанасці іх яднаюць. Але яднаюцца і прадстаўнікі іншага боку барыкад. «Поедем поедим» займела кола сталых кліентаў. Васьмі самым агрэсіўным абвешчаны грамадскі байкот, як і супрацоўнікам рэстарана. У той жа час, на днях з установы звольніліся дзве афіцыянткі, на развітанне сказаўшы абаронцам, што яны малайцы. Некаторыя пастаўшчыкі «Поедем поедим» пасля абвяшчэння байкота адмовіліся ад супрацоўніцтва з рэстаранам, але некаторыя працягваюць.
Супрацьстаянне ідзе і ў інтэрнэце: дзейнічае шэраг суполак за і супраць вахты. Ахоўнік «Поедем поедим» Дзіма-Вадзім стаў запісваць відэа. Напрыклад, 4 жніўня ён быццам не працаваў, але займаўся фіксацыяй падзей. У нейкі момант яны з Наталляй Басалыгай здымалі адзін аднаго. На маю прапанову далучыцца ГБіст з камерай адно пасміхнуўся.
11 жніўня ў Курапатах плануецца Спеўны сход з выкананнем гімна «Магутны Божа». 23 жніўня, у дзень падпісання Пакта Молатава – Рыбентропа, пройдзе навуковая канферэнцыя. Кожны дзень з 12.00 абаронцы запрашаюць далучацца да вахты.
Фота Алены Ляшкевіч