«Лісты ад Ігара часам нават цяжка чытаць». Палітвязень Лосік за кратамі 288 дзён

Жонка Ігара Дар’я Лосік расказала «Свабодзе», што на мінулым тыдні нарэшце атрымала ад мужа пошту, упершыню з пачатку сакавіка. У пятніцу 9 красавіка яна чарговы раз адвезла Ігару перадачу.

4d12db84_f6eb_4aaa_8a47_fc7e0859d989_cx1_cy32_cw47_w1023_r1_s.webp

 Ігар Лосік — блогер і кансультант «Радыё Свабода» — працягвае знаёміцца з матэрыяламі справы.

Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года, ён знаходзіцца за кратамі ўжо 288 дзён.

«Ігар нармальна, — расказвае Дар’я. — З навін у нас толькі тое, што я на гэтым тыдні ад яго атрымала восем лістоў. У аўторак было шэсць адразу, учора яшчэ два. Перадачы прымаюць, ён знаёміцца з матэрыяламі справы. Даты суда альбо яшчэ нечага пакуль мы не ведаем. Нічога зусім. Гэта ўсё, у прынцыпе. Вось толькі лісты з навін. Ён таксама зараз атрымлівае ад усіх лісты».

Паводле слоў Дар’і, лісты Ігару прыносяць ад розных людзей, у тым ліку атрымаў на тыдні ліст ад маці. Сам ён жонцы піша пра розныя рэчы. Дар’я прызнаецца, што лісты ад мужа прыходзяць розныя. Часам іх цяжка чытаць.

«Лісты розныя, адзін ад аднаго адрозніваюцца, бывае, — расказвае Дар’я. — Адзін можа быць пазітыўным, іншы не. У адным з лістоў Ігар апісаў лепшыя моманты нашага жыцця з ім. А іншы ліст дастаткова песімістычны. Піша, што стаміўся, што невядома, калі гэта скончыцца, не можа зразумець, у чым ён вінаваты. Такія эмацыйныя арэлі ў Ігара. Часам бывае цяжкавата чытаць нават».

Паводле слоў Дар’і Лосік, знаёмства з матэрыяламі справы ў мужа можа працягнуцца да канца месяца. Затым справу перададуць у пракуратуру і суд. Прыкладны пачатак працэсу — канец траўня альбо пачатак чэрвеня. 

Крымінальны пераслед Ігара Лосіка

На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансера-кансультанта «Радыё Свабода» Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Падрыхтоўка да парушэння грамадскага парадку») і ч. 2 арт. 293 («Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасля ператрусу дома ў Баранавічах. На яго тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асвятляў падзеі выбараў прэзідэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

15 снежня пасля выстаўлення другога абвінавачання Ігар Лосік абвясціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.

11 сакавіка 2021 года Лосіку выставілі новае абвінавачанне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясце на вачах у адваката і следчага, а таксама абвясціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка змясцілі ў карцар следчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры з якіх трымаў сухую галадоўку.

Па якім артыкуле Лосіку выставілі новыя абвінавачанні, невядома. Яго адвакат Дзмітрый Лепрэтар пад падпіскай аб неразгалошванні.

Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка.