Вольга Івашына: Дзяніс чакае падтрымкі
Дзяніса Івашына трымаюць за кратамі ў турме з 12 сакавіка 2021 года, калі журналіста схапілі па дарозе каля дому, калі ён ішоў у аптэку па лекі.
За гэты час яго жонка Вольга атрымала ад мужа толькі адзін ліст — 7 красавіка. Ліст датаваны 17 сакавіка, і ў ім Дзяніс апроч прыватных рэчаў да жонкі, перадае прывітанні ўсім сваім сябрам і знаёмым.
Пра ліст ад мужа распавядае Вольга Івашына:
— Гэта першы ліст за месяц, і можна ўявіць сабе, што за гэты час былі яшчэ нейкія лісты, і іх мы можам чакаць яшчэ даўжэй.
Вольга Івашына кажа, што кантакты з мужам толькі праз адваката.
«Адвакат кажа толькі агульныя рэчы: як сябе адчувае Дзяніс, што яму перадаць. Кажа, што Дзяніс сумуе па ўсіх нас».
Вольга кажа, што адвакат таксама перадаваў, што да Дзяніса дайшлі некалькі лістоў, якія пісала яму сям’я: жонка і маці.
Таксама Вольга Івашына напісала заказны ліст следчаму, што вядзе справу Івашына з просьбаю аб сустрэчы з мужам.
Вольга Івашына таксама паведаміла пра тое, што да яе дайшлі звесткі пра тое, што Дзяніс за кратамі пабачыўся з іншым палітзняволеным — вядомым беларускім мастаком Алесем Пушкіным, і яны нават перамовіліся некалькімі словамі.
Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка. Да позняй ночы ў кватэры журналіста сілавікі праводзілі ператрус. Таксама ў той вечар вобшук зрабілі дома ў маці Дзяніса, а 15 сакавіка прыйшлі з вобшукам да яго 95-гадовай бабулі.
Дзяніс Івашын займаецца расследаваннямі. У Беларусі супрацоўнічае з рэдакцыяй газеты «Новы Час». Апошні яго матэрыял для «Новага Часу» быў пра тое, як былыя ўкраінскія «беркутаўцы» паспяхова ўладкаваліся на службу ў беларускую міліцыю.
Таксама ён з'яўляецца журналістам і рэдактарам беларускай службы сайта «ІнформНапалм».
Напісаць ліст Дзянісу можа кожнына адрас:
Івашыну Дзянісу Яўгенавічу, турма №1, вул. Кірава 1, Гродна, 230023