Руслан Кулевіч пра свае кнігі, затрыманне ды ўцёкі

«Самы хуткі журналіст Гародні» — так Руслана Кулевіча яшчэ нядаўна прадстаўлялі і такім яго ведалі. Усё змянілася пасля прэзідэнцкіх выбараў.

kulevich_2_1024x683.jpg

Затрыманне, збіццё, суд. Як вынік — зламаныя рукі, пераслед і псіхалагічны шок, а таксама вымушаная эміграцыя ў Рыгу, а пазней — у Беласток. Пра тое, як яму жывецца ў выгнанні, Руслан распавёў «Радыё Рацыя».

— Як Беласток прыняў вас?

— Тут шмат знаёмых журналістаў, якія зараз дапамагаюць з рознымі дакументамі. Я зараз і працу шукаю, таксама дапамагаюць. Калі шчыра, то ўсе дапамагаюць і не было, каб хтосьці адмовіў, або не дапамог чымсьці, тут праблем няма. У цэлым Беласток — вядомае месца для гродзенцаў. Як у нас у Гародні кажуць: «Беласток — гэта не замежжа». Больш за ўсё Беласток здзівіў мяне сваімі роварнымі сцежкамі. Такіх роварных сцежак я нідзе не бачыў.

— Вы прынеслі свае кнігі, дзе сабраныя ўспаміны карэнных гродзенцаў, якія засталіся ў Гродне. Ведаю, што гэтая праца ў Беластоку таксама працягваецца.

— Так, я працую зараз над трэцяй кнігай і над чацвёртай. Трэцюю кнігу я павінен быў выпусціць у 2020 годзе, яна мае назву «Гарадзенцы здалёк». З 2017 года я запісваў у Гродне гісторыі тых людзей, якія прыязджалі ў наш горад шукаць магілы сваіх продкаў ці дамы. Гэта ў асноўным гродзенскія яўрэі, якія з’ехалі да вайны ці выжылі ў гета і пасля вайны з’ехалі ў Амерыку або нейкія краіны. Вось гэтую кнігу планаваў выпусціць у 2020 годзе «Гарадзенцы здалёк».

kulevich_1_1024x768.jpg

Я зараз працую над трэцяй кнігай успамінаў, гэта ўжо будзе апошняя частка і будзе называцца «Апошнія сведкі старой Гародні», планаваў выпусціць гэтую кнігу ў 2020 ці ў 2021 годзе. Я разумею, што праца будзе на 2-3 гады расцягнутая, бо я не магу зараз у Гродне працаваць. Праз інтэрнэт гэта ўсё цяжка рабіць.

Я не сумую, пачаў шукаць рэпатрыянтаў у Беластоку, у Варшаве, абзвоньваю дамы састарэлых, саюзы крэсавякаў, шукаю гродзенцаў. Больш за ўсё, напэўна, працуе «сарафаннае радыё». Кажуць: «Вось каля нас жыве гродзенец. Ён з’ехаў у 1945 годзе, прыедзе да нас». На днях у мяне выйшаў артыкул пра гродзенку, якая з’ехала ў 1945 годзе з мамай у Беласток. Родны горад яна ведае толькі па фотаздымках. У яе багаты архіў, там сумная гісторыя, але гэтую гісторыю павінны ведаць у Гродне, што так было.

Яшчэ я планую перакласці на польскую мову дзве свае кнігі, бо тут ёсць цікавасць у палякаў, яны цікавяцца гісторыяй. Я шукаю нейкую фундацыю, можа, хтосьці захоча перакласці на польскую мову, хто знаёмы з гісторыяй Гродна, Беларусі, а таксама Польшчы. Кнігі будуць цікавыя, шмат старых фотаздымкаў. Я лічу, што гэтыя мае кнігі цікавыя беларусам і палякам, бо гэта гісторыя двух народаў. Я расказваю пра міжваенны час, як выглядала нямецкая акупацыя, першыя саветы, другія саветы, як гродзенцы былі вымушаныя з’язджаць.

— Сумуеце па родным горадзе?

— Так, сумую. Уся праца была завязана менавіта на Гродне. Я адкідваў адразу іншыя тэмы, калі мяне клікалі ехаць працаваць у раён ці вобласць, нават у Мінск. Я кажу, што я працую для Гродна, гэта мой горад і ў мяне ёсць місія пісаць пра гродзенскія навіны. Я з’ехаў з Гродна на піку сваёй папулярнасці. Я планаваў выдаць дзве кнігі, нават тры.

У мяне яшчэ была такая замова — напісаць пра гісторыю футбола ў Гродне. Я пачаў шукаць вытокі футбола ў Гродне і знайшоў шмат цікавага, таксама планаваў гэтую кнігу, планаваў зрабіць свой музей. Я ўжо знайшоў падвал, такі склеп для музея. Я за чатыры гады назбіраў вельмі шмат старых здымкаў, шмат рэчаў па гісторыі горада. Планаваў вось гэта ўсё неяк паказваць, папулярызаваць. Галоўная задача была зрабіць так, каб гродзенцы цікавіліся сваімі каранямі.

kulevicz.jpg

— Вяртаецеся да падзей жніўня? Пра нешта шкадуеце?

— Я лічу, што мяне затрымалі за маю актыўнасць. Усе журналісты пыталіся: «Руслан, чаму цябе не затрымліваюць?» Я кажу: «Я працую, я стараюся не шукаць ворагаў». У мяне былі знаёмыя з міліцыі, якія нават мае кнігі замаўлялі. Такіх праблем не было ніколі, але 9-га жніўня пачалося паляванне на журналістаў у Гродне. Многіх тады затрымалі на Савецкай плошчы, мне ўдалося ўцячы.

Затрымалі 11-га жніўня ў краме, калі я хаваўся там з жонкай. Тры або чатыры машыны прыехалі, у масках заляцелі ў гэтую краму, выцягнулі менавіта мяне і маю жонку ды двух супрацоўнікаў. Я быў у камізэльцы «Прэса» з фотаапаратам, жонка была побач, два ровары стаялі. Лічу, што гэта была адмысловая аперацыя па маім затрыманні. Я размаўляў з адным міліцыянтам, ён казаў, што быў такі загад: «Надаць значэнне затрыманню Кулевіча». То-бок так вось казалі.

Я не зрабіў нічога дрэннага, каб са мной так паступілі. Я сябраваў з мэрам горада, казаў яму: «Калі мяне затрымаюць, то вы ведаеце маю працу, ведаеце чым я займаюся, дапаможаце?» «Так, дапамагу, вось нумар». Я, калі быў у аўтазаку, тэлефанаваў кіраўніцтву горада — нічога не зрабілі. Тэлефанавалі ў прэс-службу УУС, нічога не зрабілі, хаця яны казалі, што штосьці спрабавалі зрабіць. У выніку далі мне 7 сутак арышту, ну і закрылі мяне. Жонку адпусцілі ноччу. Я нават не ведаў, што з ёй. Яна таксама не ведала, што са мной. Казалі, што мяне там збіваюць, але збілі толькі пры затрыманні. Ён крычаў: «З-за такіх журналістаў у краіне вайна. Была б мая воля я б вас забіваў!».

Я працую ў Гродне амаль 10 гадоў і ўсе мяне ведаюць. Быў загад прыбраць журналістаў, ну вось і прыбралі.

 «Радыё Рацыя»