Новы законапраект аб СМІ: абмяжоўваць доступ да рэсурсаў, пазбаўляць акрэдытацыі, прыцягваць да адказнасці
Палата прадстаўнікоў ухваліла ў першым чытанні законапраект «Аб змене законаў у пытаннях сродкаў масавай інфармацыі». Праект апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе «Свабода».
Як вынікае з дакументу, пашыраныя абавязкі юрыдычных асоб, якія з’яўляюцца рэдакцыямі СМІ, уладальнікамі інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданняў. Да 5 гадоў павялічаны тэрмін забароны на права фізічным і юрыдычным асобам выступаць у якасці заснавальніка СМІ пасля таго, як яго выпуск спынены. Для ўладальнікаў інтэрнэт-выдання такое абмежаванне вызначанае 3 гадамі.
Сярод падстаў адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі або перарэгістрацыі указваюцца наступныя прычыны:
· назва СМІ супадае або падобная да назвы выдання, у дачыненні да якога прынятае рашэнне аб спыненні выпуску
· назва сеткавага выдання не супадае з назвай дамену інтэрнэт-рэсурса
· галоўны рэдактар не мае права паводле закона займаць такую пасаду.
· вынясенне цягам года двух і больш пісьмовых папярэджанняў
· рашэнне міжведамаснай камісіі па бяспецы ў інфармацыйнай сферы аб наяўнасці паведамленняў або матэрыялаў, распаўсюд якіх здольны прывесці да ўзнікнення пагрозы нацыянальнай бяспецы.
З’явіліся новыя прычыны, на падставе якіх дзяржорганы могуць абмяжоўваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданьняў. Так, па рашэнні Мінінфармп гэта дазволена ў наступных выпадках:
· публікацыя забароненай да распаўсюду інфармацыі
· вынясенне ўладальніку інтэрнэт-рэсурсу цягам года двух і больш патрабаванняў, а ўладальніку сеткавага выдання — пісьмовых папярэджанняў
· невыкананне ўладальнікам інтэрнэт-рэсурса патрабаванняў органа дзяржкіравання аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства аб СМІ або непаведамлення ў гэты орган пацвярджальных дакументаў
· рашэнне міжведамаснай камісіі пра наяўнасць на інтэрнэт-рэсурсе матэрыялаў, распаўсюд якіх пагражае нацыянальнай бяспецы.
Рашэнне пра абмежаванне доступу да інтэрнэт-рэсурса, сеткавага выдання за распаўсюд інфармацыі, накіраванай на прапаганду экстрэмісцкай дзейнасці, ці заклікі да такой дзейнасці, будзе прымацца на падставе пастаноў генпракурора, пракурораў абласцей і Мінска.
Законапраект забараняе СМІ і інтэрнэт-рэсурсам публікаваць вынікі апытанняў адносна грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, рэферэндумаў і выбараў, калі няма адпаведнай акрэдытацыі. Нельга ўказваць і гіперспасылкі на матэрыялы, распаўсюд якіх у СМІ забаронены.
Акрамя таго, пералічаныя новыя патрабаванні да журналістаў:
· ставіць у вядомасць галоўнага рэдактара пра магчымыя пазовы ды іншыя прадугледжаныя заканадаўствам патрабаванні ў сувязі з распаўсюдам падрыхтаванага матэрыялу
· выконваць абмежаванні на правядзенне перадвыбарчай агітацыі, адклiкання дэпутата, чальца Савета рэспублікі, вызначаныя выбарчым заканадаўствам
· атрымліваць згоду галоўнага рэдактара на падрыхтоўку матэрыялаў для іншых СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў
· не дапускаць фактаў парушэння прафесійнай этыкі журналістаў і агульнапрынятых норм маралі.
Журналісту таксама забаронена выкарыстоўваць яго правы і становішча ў мэтах утойвання ці фальсіфікацыі інфармацыі, збіраць звесткі на карысць трэцяй асобы або арганізацыі, якая не з’яўляецца СМІ, распаўсюджваць інфармацыю з мэтай зганьбіць паводле прыкмет полу, узросту, расавай, рэлігійнай або нацыянальнай прыналежнасці; у сувязі з палітычнымі перакананнямі, а таксама дыскрэдытаваць дзяржаўныя органы ўлады.
Супрацоўніка СМІ змогуць пазбаўляць акрэдытацыі, калі ён або рэдакцыя парушылі парадак распаўсюду звестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасці і ганяць дзелавую рэпутацыю чалавека ці арганізацыі.