Палітвязня Віталія Шчэрбіча асудзілі на чатыры гады калоніі ўзмоцненнага рэжыму

9 красавіка ў судзе Заводскага раёна агучылі прысуд палітзняволенаму Віталю Шчэрбічу, якога вінавацілі ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў у Мінску — ч. 1 арт. 13 ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса.

shcherbic_vitaly.jpg

Суддзя Анжэла Касцюкевіч палічыла, што віна мужчыны даказаная, і прызначыла яму пакаранне, якое напярэдадні запрасіла дзяржабвінаваўца Вольга Дзендзілевіч: пазбаўленне волі тэрмінам на 4 гады ва ўмовах узмоцненнага рэжыму.
Нагадаем, Віталя Шчэрбіча затрымалі 17 лістапада, пры вобшуку знайшлі піратэхнічныя вырабы і амуніцыю для страйкболу, а таксама дзевяць «вожыкаў». Усё абвінавачанне мужчыны будавалася на інфармацыі ад мабільнага аператара аб знаходжанні абаненцкага нумара Віталя ў месцах правядзення мітынгаў у жніўні і верасні 2020 года, тэлефоннай размове з маці, пакінутых паведамленнях у тэлеграм-чаце «Грамадзянская самааабарона Беларусі» ды канфіскаваных рэчах.
Віталь Шчэрбіч сваю віну не прызнаў.  
Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала мужчыну палітзняволеным. 
Адрас для лістоў Віталю Шчэрбічу: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.