Літва збіраецца запрасіць Лукашэнку на перапахаванне Каліноўскага
Літва збіраецца запрасіць Аляксандра Лукашэнку на перапахаванне паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Такія планы агучыў літоўскі міністр культуры Міндаўгас Кветкаўскас, інфармуе Радыё Свабода.

Капліца на віленскіх могілках Росы, дзе перапахаваюць паўстанцаў / 15min.lt
Чакаецца, што на мерапрыемстве будуць найвышэйшыя службовыя асобы Беларусі, Польшчы і Украіны (такое рашэнне прыняла літоўская ўрадавая камісія). Запрашэнні накіруе прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ.
Парэшткі 20 паўстанцаў 1863-1864 гадоў былі выяўленыя ў ліпені 2017 года падчас раскопак на гары Гедзіміна. Паўстанцы былі расстраляныя ці павешаныя расійскімі ўладамі, а пасля тайна пахаваныя. У большасці гэта ўраджэнцы беларускіх земляў. З дакладнасцю 95% літоўскія навукоўцы заявілі, што знойдзены і парэшткі Кастуся Каліноўскага, нацыянальнага героя Беларусі (праўда, апошнім часам улады спрабуюць перагледзець яго ролю і значэнне ў беларускай гісторыі).
Дакладная дата цырымоніі перапахавання пакуль невядомая, паколькі не закончаная рэканструкцыя капліцы на віленскіх могілках Росы, дзе пахаваюць паўстанцаў. Найхутчэй гэта адбудзецца ў сярэдзіне восені 2019-га.
Міндаўгас Кветкаўскас пацвердзіў, што прозвішчы ўсіх паўстанцаў запішуць на трох мовах — літоўскай, польскай і беларускай ("каб падкрэсліць важнасць паўстання для ўсіх згаданых краін").
Паводле euroradio.fm