Лёс Андрэя Бандарэнкі вырашыцца 29 сакавіка. Суд — адкрыты
У судзе Ленінскага раёна Магілёва на 29 сакавіка прызначаны разгляд па справе былога кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн» Андрэя Бандарэнкі.
Тэрмін зняволення Андрэя Бандарэнкі заканчваецца 31 сакавіка 2017 года
Бандарэнка абвінавачваецца ў парушэнні арт. 411 КК (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Асуджанаму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў. Судовае паседжанне прызначана на 10 гадзін. Справу будзе разглядаць суддзя Мазураў у адкрытым працэсе.
Абвінавачванне было прад’яўленае Андрэю Бандарэнку 11 студзеня, а праз тыдзень матэрыялы справы пракуратура г. Магілёва накіравала ў суд. Падставай для крымінальнага пераследу Бандарэнкі сталі абвінавачванні ў шматлікіх парушэннях правілаў рэжыму ўтрымання і факты непадпарадкавання, якія нібыта мелі месца.
Адміністрацыя турмы №4 г. Магілёва, у якой адбывае пакаранне Бандарэнка, кантралюе кожнае яго дзеянне з мэтай накладання чарговага спагнання, супрацоўнікі чапляюцца да любой дробязі, ствараюцца праблемы з ліставаннем. У студзені ён быў пазбаўлены кароткатэрміновага спаткання з роднымі, яго другі раз паставілі на прафілактычны ўлік.
У выпадку асуджэння А. Бандарэнкі па ч.2 арт. 411 КК РБ праваабаронцы будуць гатовыя прызнаць яго палітычным зняволеным.
Андрэй
Бандарэнка — былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн»,
якая займалася маніторынгам месцаў зняволення. У 2014 годзе яго прызналі
вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў
дачыненні да трох грамадзян і асудзілі на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Усяго на Андрэя Бандарэнку накладзена больш за дзесятак спагнанняў
у розных месцах пазбаўлення волі, дзе ён адбываў тэрмін. З-за гэтага былы
кіраўнік праваабарончай «Платформы Інавэйшн» прызнаны злосным парушальнікам
рэжыму. Цяперашні яго тэрмін зняволення заканчваецца 31 сакавіка 2017 года.